Праграма БХД. Сістэма мясцовага і рэгіянальнага кіравання і самакіравання

29 мая 2017 10:23  |  Галоўныя навіны

Праграма БХД. Сістэма мясцовага і рэгіянальнага кіравання і самакіравання

 

БХД лічыць неабходным давяраць мясцовым супольнасцям і рэгіёнам
як мага болей кіраўнічых задач. Умяшальніцтва Ўрада ў справы муніцыпалітэтаў і
рэгіёнаў патрабуецца толькі там, дзе без яго нельга абысціся. Паміж мясцовымі і
рэгіянальнымі ўзроўнямі самакіравання і кіравання мусіць быць забяспечаны
сапраўдны падзел ўлады, паўнамоцтваў і рэсурсаў для выканання лакальных і
рэгіянальных задач. БХД лічыць неабходным паэтапнае рэфармаванне існуючай
сістэмы адміністрацыйна-
тэрытарыяльнага падзелу з мэтай паляпшэння эканамічнай
асновы мясцовых самакіраванняў і рэгіёнаў для самастойнага вырашэння задач
мясцовага і рэгіянальнага значэння.

5.1.
Рэформа адміністрацыйна-
тэрытарыяльнага падзелу (АТП) Беларусі

5.1.1. Мэтай рэформы АТП з’яўляецца стымуляванне развіцця
рэгіёнаў і мясцовых супольнасцяў за кошт стварэння ўмоў для пераразмеркавання
да іх рэсурсаў ад сталічнага горада Менска і абласных цэнтраў, спрашчэння
працэдур выканання мясцовымі ўладамі сваіх задач, павелічэння іх самакіравання
і падсправаздачнасці мясцовым супольнасцям, а таксама забеспячэння мэт
устойлівага і сбалансаванага развіцця Рэспублікі Беларусь агулам.

5.1.2. З улікам такіх асаблівасцяў Рэспублікі Беларусь, як памер
тэрыторыі, колькасць насельніцтва і фінансавыя магчымасці мясцовых
самакіраванняў, найбольш рацыянальнай формай тэрытарыяльнай арганізацыі
дзяржавы з’яўляецца двухузроўневая сістэма адміністрацыйнага ўладкавання.

5.1.3. БХД лічыць неабходным стварыць з улікам меркавання
мясцовых супольнасцяў ад 350 да 390 адміністрацыйных адзінак ніжняга муніцыпальнага
ўзроўню (валасцей) і 22 адміністрацыйныя адзінкі рэгіянальнага ўзроўню
(паветаў).

5.1.4. З мэтай забеспячэння ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага
развіцця адміністрацыйных адзінак прадугледжваецца фармаванне валасцей (адзінкі
самакіравання ў сельскай мясцовасці) у межах тэрыторыяў з колькасцю
насельніцтва не менш за 10 тыс. чалавек. Гэта ўмова забяспечыць моцную
фінансавую базу для развіцця мясцовых самакіраванняў і значную частку прыбыткаў
бюджэту самакіраванняў за кошт падаходнага падатка.

5.1.5. БХД лічыць мэтазгодным фармаванне 21 павета згодна з
наступнымі крытэрамі: час транспартнай даступнасці да адміністрацыйнага цэнтра
на працягу максімум гадзіны, радыюс зоны прыцягнення 80-100 км, плошча 7-15
тысяч кв. км, колькасць насельніцтва ў межах 200-600 тысяч чалавек. Сталічны
горад Менск вылучыцца у асобную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку, якая
паводле статусу сумяшчае павятовы і муніцыпальны ўзровень. Адміністрацыйнымі
цэнтрамі паветаў стануць: Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Брэст, Віцебск, Ворша,
Гомель, Глыбокае, Гродна, Кобрын, Крычаў, Ліда, Магілёў, Мазыр, Маладэчна,
Менск, Смаргонь, Пінск, Полацк, Рэчыца, Слонім, Слуцк.

5.1.6. БХД
лічыць неабходным забяспечыць муніцыпальныя Рады правам дзяліць гарады з
насельніцтвам больш за 300 тыс. чалавек на больш дробныя ўтварэнні. Гэтыя
тэрыторыі не маюць статуса адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, якімі
валодаюць муніцыпалітэты. Іх кіраванне павінна забяспечвацца прадстаўніком
муніцыпальнай Рады, які прызначаецца мэрам горада.

З праграмы БХД
“Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”,

прынятай 13 чэрвеня 2015
года

Болей навін