У Віцебску дамагаюцца асфальтавання гарадскіх вуліц (фота)
Жыхары Віцебска, аб’яднаныя ў ініцыятыву “Разам” зробім
горад лепшым”, вырашылі дамагчыся асфальтавання вуліц: Віцебская, Рыжская,
Кіеўская, Зялёная, Шырокая, Смятаніна, 43-й Арміі. Разам з сябрамі БХД склалі
калектыўны зварот у Віцебскі гарвыканкам, гарадскі і абласны Саветы дэпутатаў і
агулам сабралі 150 подпісаў.
Мясцовасць,дзе пралягаюць гэтыя вуліцы, нізінная і
таму тут большасць часу стаіць вада. Калісьці тут зрабілі стокавыя канавы і калектар, каб пазбегнуць
забалочвання і зацякання вады ў хаты. Але калектар зроблены са шматлікімі
парушэннямі, да таго ж даўно не працуе, канавы забітыя расліннасцю, брудам.
Кожны раз пасля дажджу тут стаіць смурод.
Тут жа, на вуліцы Шырокай, 22, знаходзіцца Дзіцячы сад №37 (з іншага боку – на вуліцы Віцебскай). Побач
з ім стаяць бакі для смецця (не далей за 10 метраў). Смецце разносіцца ветрам,
птушкамі, сабакамі ды катамі на тэрыторыю сада. Такое становішча ніяк не задавальняе
ні мясцовых жыхароў, ні тых, хто вядзе штодзень дзяцей у сад.
Месцічы прыгадваюць, што чыноўнікі з гарвыканкама запэўнівалі, што ў 2012 годзе яны будуць хадзіць і ездзіць па асфальце. Яны (чыноўнікі) і ездзяць.
А тутэйшыя жыхары да гэтай пары вымушаны набываць сабе абутак не прыгожы, а
зручны. Многія ўжо і надзею згубілі, што можна дачакацца асфальта.
Пасля чарговых зваротаў у розныя інстанцыі частку Віцебскай
вуліцы засыпалі шчабёнкай, але хадзіць пешшу тут стала немагчыма, ды і для
машын гэта дрэнная дарога. Пры тым, што кожны год уладальнікі машын сплочваюць
немалыя сумы “на дарогі”, а куды яны ідуць, нават тыя, хто іх траціць, не можа
дакладна распавесці. Ці не хоча?