Паўтары сотні подпісаў сабралі ў Віцебску за асвятленне шашы і прадоўжанне маршруту аўтобусаў
Сябры БХД
ініцыятывы “Віцебск-горад наш” сабралі 96 подпісаў за асвятленне
Новааршанскай шашы, асфальтаванне дарожак ў парку 1000-годдзя і прымыкаючай да
яго з мікрараёна вуліцы Броўкі, а таксама 37 подпісаў за прадоўжанне маршруту
аўтобусаў №№18, 22 да прыпынку “Медцэнтр”, што палегчыла б месцічам
дабірацца да станцыі Лучоса, адкуль яны едуць на лецішчы.
“Новааршанская
шаша – праблемная зона Віцебска. Асвятлення няма на працягу амаль ўсёй шашы,
рух там жвавы, бо злучае яна праспект Будаўнікоў і вуліцу Воінаў-інтэрнацыяналістаў,
на якой знаходзіцца абласная бальніца. Асаблівая праблема ў зоне пераходу з мікрараёна
Броўкі праз парк. Пераход пазначаны шыльдамі, “зебра” сцёрлася,
ляжачых паліцэйскіх няма. Усё гэта небяспечна для мінакоў”, – адзначыла
кіраўнік ініцыятывы Таццяна Севярынец.
Подпісы збіраліся
каля пераходу цягам гадзіны-дзвюх у два дні. Мінакі пазітыўна, з удзячнасцю
рэагавалі на ініцыятыву, ды яшчэ хто ўзгадваў, дзе яшчэ ў Віцебску існуюць
падобныя праблемы. Праўда, ад прапановы самім вырашыць іх адмаўляліся за
недахопам часу.
Дзеля
справядлівасці адзначым: год таму валанцёры высадзілі ў парку шмат дрэўцаў, так
і не дачакаўшыся ад адпаведных гарадскіх служб якога шавялення, каб прызначаная
пад парк 1000-годдзя зона стала сапраўдным паркам. “Была мара былога губернатара
Косінца пабудаваць тут Дыснейлэнд, але яна так і засталася марай, бо клопатаў
на той час у Косінца хапала: руйнавалася самая вялікая плошча ў Еўропе. Плошча
Перамогі, зялёная выспа ў цэнтры горада з блакітнымі ялінамі, альпійскімі
горкамі, цяністымі алейкамі. Зараз гэта каменная пустыня…” – падкрэсліла Таццяна
Севярынец.