У Астравецкім раёне згарэў касцёл XVIII стагоддзя, у якім служыў паэт Казімір Сваяк
Раніцай 6 чэрвеня ў вёсцы Клюшчаны Астравецкага раёна згарэў
стары драўляны касцёл святога Яхіма.
«У шэсць гадзін раніцы чалавек, які жыве недалёка ад
касцёла, пабачыў у вокнах касцёла агонь. Адразу выклікаў пажарных, яны хутка
прыляцелі, але ўжо не было чаго ратаваць», — расказвае пчаляр Алесь Марозік,
які жыве ў Клюшчанах.
Касцёл святога Яхіма пабудаваны ў 1726 годзе, быў зачынены ў
1948, але вернуты вернікам i адбудаваны ў 1990. У 1915-м невялікі прамежак часу
тут служыў вядомы паэт, а таксама каталіцкі святар Казімір Сваяк (сябра БХД).
«Нічога не атрымалася ўратаваць. Толькі выцягнулі кнігу 1887
года з архівамі, але нават яна напалова згарэла», — працягвае Марозік.
Па непацверджанай інфармацыі, на месца здарэння прыязджаў
старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін.
Прэс-сакратар Гродзенскага абласнога ўпраўлення па
надзвычайных сітуацыях Наталля Жывалеўская пацвердзіла «НН», што касцёл згарэў
«датла». Пакуль у МНС няма дакладнай інфармацыі, што сталася прычынай
узгарання.
Імшы ў клюшчанскім касцёле праходзілі штотыдзень, у нядзелі,
на іх прыязджаў ксёндз с суседніх Міхалішак.