Як гарадзенскія апазіцыянеры змагаюцца з паклёпам?

08 чэрвеня 2017 09:13  |  Палітыка

Як гарадзенскія апазіцыянеры змагаюцца з паклёпам?

 

Вадзім Саранчукоў, лідар абласной арганізацыі БНФ, падаў у суд на мясцовую
тэлерадыёкампанію за фільм «Маршам у нікуды», прысвечаны ўдзельнікам вясновых
пратэстаў. Зварот у пракуратуру, паводле актывіста, ніякіх вынікаў не даў. Чаму
паклёпніцкі фільм з’явіўся менавіта на Гарадзенскім тэлебачанні?

17 красавіка Гарадзенскае абласное тэлебачанне паказала ў эфіры
10-хвілінны фільм, у якім паліваюцца брудам мясцовыя актывісты ды прадстаўнікі
палітычных структураў. У ход пайшоў увесь прапагандысцкі набор штампаў пра
апазіцыю: «вечныя беспрацоўныя», «алкаголікі» і г.д.

Як аператыўныя кадры трапілі на ТБ?

Адзін з «герояў» фільма Вадзім Саранчукоў, удзельнік вясновых пратэстаў,
які атрымаў суткі за адну з акцыяў, вырашыў не мірыцца з абразамі ды падаў
позву спачатку ў пракуратуру, пасля —у суд. З пракуратурай, паводле
Саранчукова, атрымаўся звычайны «футбол»: з гарадской пераслалі ў абласную,
адтуль —непасрэдна на Гарадзенскае тэлебачанне.

«У фільме былі выкарыстаныя кадры аператыўных здымак, якія пасля нейкім
загадкавым чынам трапілі на тэлебачанне,
— лічыць абласны лідар
БНФ.— Як? Будзем разбірацца».

Аналагічную скаргу ў пракуратуру падаў і каардынатар БХД Сяргей Верамеенка. Эквілібрыстыка з перанакіраваннем зварота ў ягоным выпадку паўтарылася.
Пры гэтым актывіст не можа зразумець, чаму фінальным адрэсатам ліста апынулася
Гарадзенскае тэлебачанне, якое, фактычна, з’яўляецца зацікаўленым бокам у
разбіральніцтве. Верамеенка таксама гатовы судзіцца з тэлевізіёншчыкамі.

«Вялікі начальнік» і ДТЗ

Чаму паклёпніцкі фільм з’явіўся менавіта на Гарадзенскім тэлебачанні, хоць
вясновыя пратэсты, здаецца, захапілі ўсе абласныя і шматлікія раённыя цэнтры
краіны? Напрыклад, пра аналагічныя фільмы ў Віцебску ці ў Брэсце мы нічога не
чулі.

Паводле няспраўджанай інфармацыі, мела месца асабістая ініцыятыва альбо
хутчэй справа выпадку. На пачатку красавіка ў Гродне адбылося ДТЗ з удзелам
«вялікага начальніка», які апынуўся нецвярозы за стырном. Паколькі імя
«начальніка» так і не было агучана, па горадзе папаўзлі чуткі, што ім аказаўся
ніхто іншы, як Мікалай Мельячэнка, дырэктар
Тэлерадыёкампаніі «Гродна». Пасля ДТЗ той меўся нейкім чынам «выкупіць віну
перад Радзімай», таму і паўстаў фільм, зроблены неахайна і на хуткую руку нават
па мерках айчынных прапагандыстаў.

Сайт «расійскі», таму і караць няма каго?

Для гарадзенцаў, зрэшты, гэта ўжо не першы выпадак абароны свайго гонару
праз дзяржаўныя структуры. У мінулым годзе журналіст-фрылансер Андрэй Мялешка ўжо звяртаўся ў міліцыю з нагоды
публікацыяў у інтэрнэце з абразамі на ягоны адрас ды ў бок ягоных родных. Тады
«брудныя» матэрыялы з’явіліся на маргінальным рэсурсе «Stop opp», які
прафесійна гадамі бэсціць гарадзенскую «апазіцыйную тусоўку».

Сайт меў пад сваім крылом адмысловую групу ў «УКантакце», на
адміністратараў якой і выйшлі гарадзенскія міліцыянты. Праваахоўнікі дадалі пры
гэтым, што да сайту гэтыя людзі не маюць ніякага дачынення, таму і караць іх,
нібыта, няма за што. Хто ж тады адказны за сайт?

Аказалася, што інтэрнэт старонка зарэгістраваная… у Расіі, дакладней
—у Маскве. А гэта ўжо не юрысдыкцыя беларускай міліцыі. На гэтым тады
справа і скончылася. На дадзены момант «Stop opp» паспяхова працягвае сваю
дзейнасць, публікуючы абразлівыя матэрыялы на гарадзенскіх ды
агульнарэспубліканскіх апазіцыйных дзеячоў ды журналістаў.

Алесь
Кіркевіч, Новы Час

Болей навін