Ці чакаць жыхарам “Альшанкі” школы і паліклінікі? Гарадзенцы запытаюць ва ўладаў (фота)
10 чэрвеня
адбылася другая сустрэча гарадзенскіх актывістаў Сацыяльна-хрысціянскага руху з
жыхарамі мікрараёна “Альшанка”, на якой было вырашана звярнуцца ў
мясцовыя органы ўлады з запытам аб будучым мікрараёна, будаўніцтве школы, асобнай
паліклінікі, пашырэнні маршрута школьнага аўтобуса для дзяцей, якія навучаюцца
ў іншых мікрараёнах, патруляванні з 18:00 па 23:00, забароне продажу алкаголю
ля школы і садка і іншае.
“Мікрараён
“Альшанка” пабудаваны на водшыбе, ускрайку горада Гродна, маецца план
будоўлі дзвюх школ, некалькі садкоў, амбулаторыі. Але медыцынскія спецыялісты
знаходзяцца ў іншых частках горада, да якіх з дзіцём бацькі вымушаны ехаць з
перасадкамі на грамадскім транспарце, як і супрацоўнікі гарадзенскага мясакамбінату,
якія тут пражываюць”, – адзначыў актывіст Яўген Дудкін.
Таксама на
сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні культуры адпачынку, вынасу смецця. Было
заўважана, што некаторыя жыхары забруджваюць тэрыторыю, не звяртаючы ўвагі на
папярэджанні суседзяў. Разам было прынята рашэнне звяртацца пісьмова ў міліцыю
пасля ўсталявання факта парушэнняў. Пачаўся збор подпісаў пад абмеркаванымі і
вызначанымі пытаннямі.