Аналітыка “Права выбару-2018”: Беларусь напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы
У адрозненні ад мінулых выбарчых кампаній лідары шэрагу дэмакратычных партый і арганізацый ужо заявілі аб падрыхтоўцы да выбараў у мясцовыя Саветы амаль за дзевяць месяцаў да іх пачатку. Як мяркуецца, выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў адбудуцца 18 лютага 2018 года.
Выбары на фоне сацыяльнай напружанасці
Традыцыйна ад выбараў у мясцовыя Саветы чакаюць не шмат, бо сам мандат дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў (сельскага, раённага, гарадскога ці абласнога) па вялікаму рахунка ў беларускіх рэаліях не мае вялікага значэння – функцыі мясцовых Саветаў істотна абмежаваныя, а дэмакратычныя сілы не ў стане выставіць альтарнатыву на ўсіх выбарчых акругах, якіх у краіне больш за 18 тысяч. Плануецца, што асноўныя баталіі паміж уладай і апазіцыяй традыцыйна разгарнуцца ў сталіцы і абласных цэнтрах.
Як паказалі выбары ў мясцовыя Саветы 2014 года ўжо і ўлада не ў стане закрываць усе выбарчыя ўчасткі сваімі кандыдатамі, а гэта ўжо з’яўляецца прычынай, каб задумацца ці не зашмат у нашай краіне дэпутатаў. У сувязі з гэтым выбары ў сельскія Саветы на фоне непрацуючай палітычнай сістэмы выглядаюць не чым іншым, як рудыментам савецкай мінуўшчыны.
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў адрозніваюцца ад парламенцкіх і прэзідэнцкіх тым, што для абрання дэпутатам дастаткова простай большасці галасоў – парога яўкі на гэтых выбарах няма.
Другой асаблівасцю з’яўляецца тое, што кандыдаты ў дэпутаты маюць магчымасць выступіць па радыё і ў мясцовым друку. За выступ па тэлебачанні кандыдату прыдзецца даплачваць з уласнага перадвыбарчага фонда, калі, канечне ж, кандыдат здолее прыцягнуць рэсурсы пад сваю выбарчую кампанію.
Яшчэ адной істотнай асаблівасцю будучай кампаніі з’яўляецца тое, што ўлада ўсё ж такі здолела расправіцца з незалежнай сацыялогіяй і аб рэальных прыарытэтах грамадзян прыдзецца толькі здагадвацца. Нагадаем, што пасля прапагандысцкага фільма пра Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў (НІСЭПД) на беларускім тэлебачанні ён вырашыў спыніць сваю працу ў Беларусі.
Выбары 2018 года стануць кампаніяй, якая будзе адбывацца на фоне рэальнага зніжэння заробкаў і узроўня жыцця, сацыяльнай напружанасці і беспрацоўя, адсутнасці рэформаў у эканамічным сектары. Дагэтуль за кратамі застаюцца фігуранты справы “Белага легіёна”, аднак можна меркаваць, што іх для паляпшэння агульнага фона выпусцяць напярэдадні выбараў.
Тым часам варта разумець, што пасля мёртвага ў палітычным плане летняга сезона, калі большасць беларусаў з’язджае ў свае маёнткі на летні перыяд, пачнецца палітычная восень, дзе магчымы працяг вулічных акцый з сацыяльнай рыторыкай. Наяўнасць пратэстаў і выбараў стануць бадай самым вялікім выпрабаваннем для ўлады, бо ўсё гэта дае палітычную ацэнку агульнай сітуацыі ў краіне і з’яўленне новых палітвязняў і соцень, а можа і тысяч адміністрацыйна арыштаваных зусім не добры варыянт для палітычнага дыялога з Захадам і прызнання ім вынікаў выбараў.
Як вынікае з заяваў лідараў дэмакратычных палітычных партый Беларусі большасць іх арганізацый прыме ў удзел у выбарах, але з адной агаворкай – выбары яны ўсе разглядаюць як чарговую палітычную кампанію з легальнай магчымасцю працаваць з насельніцтвам, даносіць да людзей свае каштоўнасці і інфармаваць пра рэальны стан рэчаў у краіне. У тое, што выбары будуць адкрытымі і свабодныя ніхто не верыць.
Ці будуць змены ў выбарчым заканадаўстве?
Змены ў Выбарчы кодэкс у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам могуць адбыцца не пазней чым за паўгады да даты іх прызначэння.
Па раскладу працы Палаты прадстаўнікоў бачна, што да закрыцця другой сесіі 26 чэрвеня змены у выбарчае заканадаўства не запланаваныя. Пра гэта казала і старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, якая нібы падрыхтавала прапановы па зменах у Выбарчы кодэкс і якія, магчыма, будуць зацверджаныя толькі на сесіі парламента гэтай восенню, бо на вясенняй сесіі на разгляд паправак у Выбарчы кодэкс не знайшлося часу.
Выбары ў мясцовыя Саветы адбудуцца да 20 лютага 2018 года (найбольш верагоднай датай іх правядзення называецца 18 лютага), а магчымыя змены заканадаўства павінны быць зацверджаныя не пазней за 18 верасня 2017 года.
Тым часам мы ведаем, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі асенняя сесія дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пачынаецца 2 кастрычніка. Але практыка паказвае, што, напрыклад, першая сесія Палаты прадстаўнікоў у цяперашнім складзе пачалася 11 кастрычніка 2016 года.
Для інфармацыі, асеннія сесіі Палаты прадстаўнікоў у 2007, 2009, 2012, 2013, 2014 і 2015 гадах пачыналіся 2 кастрычніка, у 2011 годзе – 3 кастрычніка, у 2010 – 4 кастрычніка, у 2008 – 27 кастрычніка. Такім чынам існуе толькі адно спадзяванне на змены ў Выбарчым кодэксе – гэта правядзенне пазачарговай сесія дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на скліканне якой мае паўнамоцтвы прэзідэнт, сама Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі.
Што трэба мяняць у выбарчым заканадаўстве?
Большасць дэмакратычных лідараў заяўляе пра тое, што Выбарчы кодэкс з’яўляецца нядрэнным, аднак практыка яго выкарыстання выклікае прэтэнзіі.
Найбольшымі хібамі ў правапрымяняльнай практыцы застаецца неўключэнне ў склад камісій усіх узроўняў прадстаўнікоў дэмакратычных партый, а таксама прадстаўнікоў кандыдатаў ў дэпутаты.
Другі момант, які не дазваляе прызнаваць выбары – гэта адстутнасць адкрытага і празрыстага падліку галасоў. Назіральнікі не бачуць, за каго ў бюлетэнях прастаўлены галачкі, гэтыя звесткі не агучваюцца ў голас.
Трэці момант – гэта датэрміновае галасаванне, на якое традыцыйна, з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурса, заганяецца каля 30% выбаршчыкаў. Назіральнікі штораз сведчылі, што амаль усе, хто прагаласаваў датэрмінова – прагаласавалі за праўладнага кандыдата. Па-факту, звесткі з вынікамі датэрміновага галасавання і галасавання ў дзень выбараў адрозніваліся ў дзясяткі разоў, што не магло не выклікаць падазрэння ў падтасоўках.
Як паведаміў адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў місіі АБСЕ ў Беларусі перамовы па зменах у выбарчае заканадаўства вядуцца з Цэнтрвыбаркам і дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў рэгулярна, але беларускі бок яшчэ ні разу не выканаў рэкамендацыі місіі АБСЕ ў поўным аб’ёме і што збіраюцца “удасканальваць” напярэдадні выбараў 2018 года таксама застаецца загадкай.
Тым часам кампанія назірання за выбарамі “Права выбару” неаднаразова накіроўвала ў Цэнтрвыбаркам свае прапановы па зменах у Выбарчы кодэкс, аднак ні адна з прапановаў да гэтага часу не была ўлічаная. Пакуль што дэмакратычнай апазіцыі гаварыць прыходзіцца паміж сабой, бо ўлада застаецца глухой да любых яе ініцыятыў.
Ігар Барысаў,
“Права выбару-2018”