121 год таму нарадзіўся Пётра Татарыновіч

15 чэрвеня 2017 10:12  |  Грамадства

121 год таму нарадзіўся Пётра Татарыновіч

 

Сёння адзначаецца 121-гадавіна
з дня нараджэння Пятра Татарыновіча.

Пётра Татарыновіч (2 чэрвеня (15 чэрвеня) 1896, в. Гайнін, Слуцкі павет,
Мінская губерня, цяпер Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць — 3 верасня 1978, Рым)
— беларускі каталіцкі святар, культурны дзеяч, палітык, перакладчык і публіцыст.
Прыхільнік беларусізацыі царкоўнага жыцця. Сябра Цэнтральнага камітэту БХД.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі ў Слуцку
вучыўся ў каталіцкай семінарыі ў Петраградзе, скончыў Мінскую духоўную
семінарыю, дзе далучыўся да беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху. У 1921 г.
рукапаложаны ў святары. Займаўся рэлігійнай дзейнасцю ў Пінску (1921—1922),
Навагрудку (1922—1924). У 1924—1926 з’яўляўся прэфектам пачатковых і сярэдняй
школ у Баранавічах, арганізаваў там Саюз каталіцкай моладзі. За патрыятычнае
выхаванне беларускай каталіцкай моладзі пераследаваўся польскімі ўладамі, быў
пераведзены на Мазовію. Пасля вяртання служыў у Дамачаве Брэсцкага павета (1927—1932),
дзе аднавіў касцёл.

У 1928 г. стаў сябрам Цэнтральнага камітэту Беларускай Хрысціянскай
Дэмакратыі.

У 1936 годзе ў Мядзведзічах
Ляхаўскага раёна пабудаваў Беларускі дом, які перадаў створанаму на ініцыятыву
БХД Беларускаму інстытуту гаспадаркі і культуры.

У 1932—1939 спрыяў пашырэнню уніяцтва на Століншчыне (Гарадная, Альпень,
Мерлінскія хутары). У час Другой сусветнай вайны супрацоўнічаў з Беларускім
камітэтам у Варшаве. Там жа выкладаў рэлігію ў беларускай школе. З Варшавы
пераехаў у Вільню, потым — у Мінск. У канцы вайны П. Татарыновіч апынуўся ў
эміграцыі. У лютым 1945 пераехаў з Ратэнбурга (Германія) у Рым.

У 1945—1949 гадах вучыўся ў Папскім інстытуце ўсходніх навук. Абараніў
доктарскую дысертацыю. Стаў заснавальнікам беларускага вяшчання ватыканскага
радыё, і з 1949 да 1971 быў кіраўніком і асноўным аўтарам беларускіх перадач
«Радыё Ватыкана». Займаўся выдавецкай справай. З верасня 1950 да 1975 рэдагаваў
і друкаваў у Рыме лацінкай беларускі рэлігійна-грамадскі часопіс «Źnič». У 1961
г. Апостальскі Прастол надаў яму званне прэлата, а затым прызначыў членам
Найвышэйшай рады для эміграцыі. На П. Татарыновіча была ўскладзена задача
апекавацца над беларусамі-католікамі ў эміграцыі.

З 1929 году супрацоўнічаў з Беларускім Каталіцкім Выдавецтвам. Пісаў для
беларускіх рэлігійных выданняў «Krynica», «Chryścijanskaja Dumka». Друкаваўся
на старонках беларускага уніяцкага часопіса «Да злучэньня» (1932—1937). Аўтар
перакладу і тлумачэньняў кнігі «Сьвятая Эвангелія, Апостальскія Дзеі» (Рым,
1954), «Лісты Святых Апосталаў» (1974). Пераклаў на беларускую мову раман Сянкевіча
«Quo vadis» (Рым, 1956).

 

Аляксей Шэін

Болей навін