Ці зменіцца становішча з дарогамі на Валожыншчыне?
Мінская вобласць па стану
мясцовых дарог даўно адстала ад Гродзенскай ці скажам, Магілёўскай. Гэта
пацвердзіць любы аўтамабіліст. Актывістка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі,
пісьменніца Галіна Каржанеўская па азначаным пытанні звярнулася ў Камітэт
дзяржаўнага Кантролю Рэспублікі Беларусь. Далейшы сцэнар можна прадбачыць:
скарга апускаецца ў Мінскаблдарбуд, а потым – у яго філіял ДРБУ №167
Валожынскага раёна.
Адказ за 26 чэрвеня падпісаў
генеральны дырэктар абласнога дарожнага ведамства Д.А.Сцяпанаў. З яго вынікае,
што спецыялісты з выездам на месца (і за тое дзякуй!) разгледзелі ўсе пазіцыі
электроннага зварота. У выніку зроблена адно: падсыпаны пад’езд і сама вуліца ў
вёсцы Мацавічы. У жахлівым стане застаўся з’езд з новай кальцавой дарогі да
вёскі Стары Ракаў, якім зараз многія карыстаюцца.
“Валожынскія дарожнікі працуюць
абы-як. Мы 10 год пішам калектыўныя лісты – і чаго дабіліся? – абураецца Галіна
Каржанеўская. – Падсыпкі і абкошвання сельскай дарогі, якія павінны выконвацца
планава і без дзяржкамітэта! Улады ўбухваюць астранамічныя сумы ў паказушныя
рэспубліканскія трасы, а ў мясцовых бюджэтах няма сродкаў на пару кіламетраў
асфальту. Д.А.Сцяпанаў, аднак, пакінуў нам кволую надзею на тое, што ў
наступным годзе становішча зменіцца. Будзем чакаць”.