Улады Гродна пачулі жыхароў мікрараёна Альшанка

13 ліпеня 2017 13:53  |  Грамадства

Улады Гродна пачулі жыхароў мікрараёна Альшанка

 

12 ліпеня ў СШ № 39 Гродна адбылася сустрэча ўладаў горада з жыхарамі мікрараёна Альшанка. Актывіст Сацыяльна-хрысціянскага руху
Яўген Дудкін, які ініцыяваў кампанію за паляпшэнне ўмоў жыцця ў мікрараёне,
распавёў пра яе вынікі.

Гэтак, улады ўзялі пад кантроль будаўніцтва школы. Праўда,
для гэтага трэба перавесці грошы на залажэнне падмурка да студзеня 2018 года, а
далей знайсці сродкі і закласці іх у бюджэт горада на 2018 год, каб пабудаваць
школу да верасня. «Але ўзнікаюць некаторыя “але”. Бюджэт негумовы. І
ці хопіць вылучыных сродкаў? Са свайго боку, я прапанаваў ідэю дабрачынных
канцэртаў і спартыўных мерапрыемстваў з сімвалічным унёскам, але удзелам усіх
жыхароў, бізнесу, улады і валанцёраў. І зладзіць агульнае свята з карысцю і
адпачынкам», – адзначыў актывіст.

Паводле яго, пачулі аб транспартнай праблеме і ў аўтобусным
парку. «Старшыні гарвыканкама я таксама патлумачыў, што часова, да ўвядзення ў
эксплуатацыю сваёй паліклінікі можна пусціць маршрут да мясакамбіната праз
прыпынак “Абутковая фабрыка “Нёман”, дзе побач дзіцячая
паліклініка. Нас пачулі. Будуць думаць, як вырашыць», – распавёў ён.

Таксама ўдзельнікі сустрэчы сышліся ў меркаванні, што адной
паліклінікі для Альшанкі хопіць, але з поўным наборам лекараў. Пытанне
школьнага аўтобуса прапанавана падоўжыць да тых школ, дзе будуць вучыцца
старшакласнікі, бо ў СШ 39 месцы вызваляцца для першаклашак. Яўген Дудкін
таксама прапанаваў раніцай у аўтобусах паказваць ролікі правільных паводзінаў у
транспарце, а не рэкламу.

Што тычыцца бескантактавага тралейбуса, то ўлады заявілі,
што рыхтуюцца да эксплуатацыі. Жыхарам Альшанкі паабяцалі даць адказ пра час і
планы. Падчас абмеркавання стварэння парку адпачынку мікрараёна актывіст
прапанаваў стварыць ініцыятыўную групу і прыняць сумесныя меры па стварэнні
парку Беларускай дзяржаўнасці ці культуры, «бо назвы вуліц самі кажуць за сябе,
а на носе 100-годдзе ўтварэння БНР і БССР».

«Далі даручэнне зверху вылучыць месца для рынку. А адкрыццё
крам чакаюць пасля аўкцыёнаў, якія будуць праведзены пасля ўвядзення ў
эксплуатацыю развязкі з мостам. Справа часу да новага года. Напэўна», –
адзначыў прадстаўнік СХР.

Узялі ўлады горада і прапанову аб патруляванні мікрараёна ў
вячэрні час. Акрамя таго, абмяркоўваліся планы будаўніцтва дарог, СТА і АЗС у
Альшанцы. «Мне паведамілі, што дзверы намесніка па сацыяльнай працы заўсёды
адкрытыя», – дадаў актывіст.

«Дзякуй жыхарам, што знайшлі час прыйсці, выслухаць бакі
дыялогу, а можа і задаць пытанне. Гэта важна. Важна прагаварыць не толькі
праблему, але і варыянт яе рашэння, зразумець аргументы, прапанаваць свой
погляд. Так, гэта патрабуе вытрымкі. Але гэта вытрымка стала адной з галоўных
прычын дыялогу і сустрэчных крокаў улады, напрыклад, старшыня гарвыканкама прапанаваў
“стварыць парк не горш за Пышкі”. Застаецца справа за намі: стварыць
ініцыятыўную групу і разам з уладамі рэалізаваць. Чаму разам? Што зроблена
сваімі рукамі больш цэніцца, працай мы даем прыклад падрастаючаму пакаленню –
нашым дзецям, а за імі будучыня!» – падкрэсліў Яўген Дудкін.

Болей навін