Праграма БХД. Незаконная міграцыя

31 ліпеня 2017 11:56  |  Палітыка

 

 

7.3.1. БХД бачыць Беларусь адкрытай краінай, якая добразычліва і з павагай ставіцца да замежных грамадзян, якія наведваюць нашу краіну. Але нестабільнасць, войны, сацыяльныя праблемы, палітычны пераслед прымушаюць тысячы людзей з праблемных краін шукаць іншыя месцы для жыцця. Мы са спачуваннем і разуменнем ставімся да праблем імігрантаў і гатовыя аказаць пасільную дапамогу на міжнародным узроўні ў вырашэнні праблем вымушаных перасяленцаў. Мы таксама гатовыя забяспечваць прытулак для некаторых катэгорыяў замежных грамадзян, але ў абмежаваным аб’ёме і строга ў адпаведнасці з будучым міграцыйным заканадаўствам. БХД выступае катэгарычна супраць незаконнай іміграцыі ў Беларусь і будзе прымаць усе захады на нацыянальным і міжнародным узроўнях, каб прадухіліць незаконнае перасяленне ў Беларусь замежных грамадзян.

 

7.3.2. Некантралюемая іміграцыя пагражае стабільнасці сацыяльнай сістэмы – накладае цяжар на ўстановы медыцыны і адукацыі, пагражае распаўсюдам злачыннасці і цяжкіх захворванняў. Дзяржава мусіць прымаць меры па сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі імігрантаў у беларускае грамадства, што магчыма рабіць толькі ва ўмовах кантралюемага і законнага перасялення замежных грамадзян у Беларусь. БХД лічыць неабходным процідзейнічаць стварэнню моцных этнічных супольнасцяў на аснове кампактнага пражывання з ліку імігрантаў – гэта становіцца перашкодай да інтэграцыі імігрантаў у беларускае грамадства, пераймання культурных традыцыяў, грамадскіх норм і мовы беларускага народу.

7.3.3. Атрыманне беларускага грамадзянства перасяленцамі мусіць быць абумоўлена працяглым пражываннем на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (5-7 гадоў), плённай працай, сацыяльнай бяспечнасцю, веданнем беларускай мовы і гісторыі.

Болей навін