Праграма БХД. Міністэрства ўнутраных спраў

14 жніўня 2017 10:41  |  Палітыка

 

Праграма БХД. Міністэрства ўнутраных спраў

 

7.5.1. Міністэрства ўнутраных спраў узначальвае Міністр унутраных спраў, які з’яўляецца палітычнай фігурай. Міністр унутраных спраў вызначаецца кіруючай партыяй альбо кіруючай кааліцыяй, якая мае большасць у Сойме. Міністэрства ўнутраных спраў павінна забяспечваць надзейную ахову правоў і свабод грамадзян, дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў ад злачынных замахаў, своечасовае выяўленне злачынстваў і прыцягненне вінаватых да адказнасці, ахову грамадскага парадку.

 

7.5.2. У структуру МУС уваходзяць наступныя органы:

-Крымінальная паліцыя – займаецца прадухіленнем, барацьбой і дазнаннем па цяжкіх злачынствах, карупцыі, эканамічных злачынствах і г.д.

-Дарожная паліцыя – займаецца бяспекай дарожнага руху, дзяржаўным рэгуляваннем і кіраваннем, а таксама дзяржаўным кантролем у галiне дарожнага руху.

-Упраўленне па барацьбе з незаконным зваротам наркотыкаў.

-Кіберпаліцыя – займаецца расследаваннем злачынстваў у інтэрнэт-прасторы і з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў.

-Экалагічная паліцыя – займаецца расследаваннем злачынстваў у галіне прыродаахоўнага і экалагічнага заканадаўства.

-Паліцэйскія сілы хуткага рэагавання, паліцэйскі спецназ і групы антытэрору;

-Іншыя органы і падраздзяленні.

7.5.3. Міністэрства ўнутраных спраў павінна забяспечыць надзейную ахову правоў і свабод грамадзян, дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў ад злачынных замахаў, своечасовае выяўленне злачынстваў і прыцягненне вінаватых да адказнасці, ахову грамадскага парадку. Для эфектыўнай барацьбы са злачыннасцю Міністэрства ўнутраных спраў неабходна вызваліць ад неўласцівых яму функцыяў: выпраўлення і перавыхавання асуджаных; нагляду за асобамі, якія асуджаны да пакарання без пазбаўлення волі; пашпартызацыі насельніцтва; рэгістрацыі ўезду і выезду грамадзян.

7.5.4. На рэгіянальным узроўні павятовая паліцыя займаецца забеспячэннем грамадскага парадку, недапушчэннем і прафілактыкай крымінальных злачынстваў, расследаваннем менш значных злачынстваў, аховай грамадскай і прыватнай маёмасці, рэгуляваннем дарожнага руху і разбіральніцтвам дарожна-транспартных здарэнняў. Кіраўнікі павятовай паліцыі ўваходзяць у склад адміністрацыі Павятовага Старасты.

З Праграмы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года

Болей навін