Праграма БХД. Беларускае войска

16 жніўня 2017 10:43  |  Палітыка

 

 

Праграма БХД. Беларускае войска

 

7.6.1. Беларусь з’яўляецца мірнай дзяржавай, нікому не пагражае і будуе свае адносіны з суседзямі і ўсімі краінамі на партнёрскай аснове. Беларусь не мае тэрытарыяльных прэтэнзіяў ні да адной краіны.

 

7.6.2. Мы зыходзім з таго, што канфлікты і супярэчнасці павінны вырашацца дыпламатычнымі мірнымі захадамі. Але дзеля гарантыі ўласнага суверэнітэту і незалежнасці, Беларусь павінна мець баяздольнае і добра ўзброенае войска. Сучасныя войны вядуцца невялікімі мабільнымі арміямі з прымяненнем высокатэхналагічных узбраенняў. Таму беларуская армія мусіць адпавядаць сучасным патрабаванням ваеннай стратэгіі і тактыкі.

7.6.3. БХД прапаноўвае усталяваць колькасць беларускай арміі на ўзроўні 50 тыс. чалавек. Фармаванне арміі будзе адбывацца як на прафесійнай аснове, так і за кошт прызыву тэрмінам на 6 месяцаў. Падчас праходжання тэрміновай ваеннай службы будзе зроблены ухіл менавіта на ваеннай падрыхтоўцы: навучанне ваеннай справе, рэгулярныя і частыя стрэльбы, правядзенне часткі службы ў палявых умовах. Усе аспекты тэрміновай службы, якія не тычацца прафесійнай падрыхтоўкі ваенных, будуць ліквідаваны. Беларускае войска мусіць быць забяспечана сучаснай тэхнікай , афіцэры і салдаты павінны несці службу ў незалежных умовах і мець годнае забеспячэнне. Дзеля гэтага мы лічым неабходным фінансаваць выдаткі на абарону ў памеры 3 % ад валавога ўнутранага прадукту.

7.6.4. Вызваленне ад прызыву будзе магчыма толькі праз медычныя паказанні. Разам з тым будзе дадзена магчымасць у поўнай меры рэалізаваць канстытуцыйнае права на альтэрнатыўную службу. Грамадзяне, якія з-за рэлігійных, пацыфісцкіх ці іншых абгрунтаваных перакананняў не могуць прайсці 6-месячную ваенную падрыхтоўку, будуць мець права на альтэрнатыўную службу ў сістэме аховы здароўя або дабрачынных установаў.

7.6.5. Праблема “дзедаўшчыны” або нестатутных адносін будзе вырашана кардынальна – кароткі 6-месячны тэрмін праходжання тэрміновай службы ў сукупнасці з паасобнай службай кожнага набору прызыўнікоў і адказнасцю афіцэраў за нестатутныя адносіны.

7.6.6. Унутраныя войскі як асобная структурная адзінка вайскавога тыпу ў складзе Міністэрства ўнутраных спраў – будуць ліквідаваны. Сілы спецыяльнага прызначэння і хуткага рэагавання застануцца ў складзе МУС. Часткова функцыі, якія сёння выконваюць унутраныя войскі па падтрыманню канстытуцыйнага парадку і тэрытарыяльнай абароне, будуць перададзены новаму ваеннаму ўтварэнню – Беларускаму Нацыянальнаму Легіёну.

7.6.7. Беларускі Нацыянальны Легіён – элітны касцяк беларускай арміі. Будзе фармавацца на прафесійнай аснове і яго колькасць будзе складаць каля 20 тыс. чалавек. Беларускі нацыянальны Легіён будзе грунтавацца на беларускім патрыятызме і нацыянальным духу, як надзейная гарантыя незалежнасці Беларусі. Беларускі Нацыянальны Легіён будзе забяспечаны самымі лепшымі ўзорамі сусветнага ўзбраення, у ім будзе падтрымлівацца высокі баявы дух і прафесійны ўзровень. Мэтазгодна, каб менавіта сілы Легіёну выкарыстоўваліся ў міратворчых аперацыях пад эгідай ААН.

7.6.8. У структуры Беларускага Нацыянальнага Легіёну будуць пяхотныя, бранетанкавыя, ваенна-дэсантныя, ваенна-паветраныя, тылавыя, медычныя адзінкі, а таксама ваенны спецназ. Размяшчэнне пяхотных батальёнаў будзе грунтавана на тэрытарыяльным прынцыпе.

7.6.9. Беларускім вайскоўцам будзе забяспечаны высокі заробак і ўсе сацыяльныя гарантыі, у тым ліку бясплатнае службовае жыллё з правам атрымання яго ва ўласнасць.

З Праграмы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года

Болей навін