Рассеянае зерне хрысціянскай дэмакратыі
Другая палова ХХ стагоддзя – ад вайны да савецкай Перабудовы – засталася ў гісторыі беларускай хрысціянскай дэмакратыі як эпоха рэха. Дзясяткі лідэраў і сотні сябраў партыі былі знішчаныя, арыштаваныя, раскіданыя па свеце. 1950-я-1980-я гады сталіся часам збірання інфармацыі, успамінаў, слядоў легендарнай БХД – прычым пераважна на эміграцыі: у СССР гісторыя “буржуазнай, клерыкальнай, нацыяналістычнай партыі” была проста пад забаронай.
З сябраў кіраўніцтва БХД ацалелі хіба Віктар Шутовіч (пасля ГУЛАГу служыў у падпольнай парафіі ў Барысаве, памёр у 1960 годзе), Дамінік Аніська (праз удзел у Арміі Андэрса трапіў у Велікабрытанію, памёр у Лондане ў 1971 годзе), Янка Шутовіч (пасля ГУЛАГу – у Вільні, адышоў у 1973 годзе), Язэп Германовіч (пасля вызвалення – у Лондане, памёр у 1978 годзе), ксёндз Пётра Татарыновіч (на эміграцыі ў Рыме, адышоў у 1978 годзе), Язэп Малецкі (з 1944 году на эміграцыі, стаў лідэрам беларускай дыяспары ў Аўстраліі, памёр там у 1982 годзе), Язэп Барадзюля (пасля ГУЛАГу – у касцёле ў Рызе, памёр у 1983 годзе), Язэп Найдзюк (пасля вайны жыў у Польшчы пад імем Юзафа Александровіча, памёр у 1984 годзе), Віктар Ярмалковіч (пасля ГУЛАГу працаваў дантыстам у Польшчы, памёр у 1987 годзе), Павел Каруза (пасля ГУЛАГу ў Вільні, адышоў у 1988 годзе) і нямногія іншыя.
Успаміны і матар’ялы, датычныя БХД, захаваліся ў архівах дзякуючы падшыўкам “Крыніцы” і “Хрысціянскай думкі”, а таксама ў кнізе Язэпа Малецкага “Пад знакам “Пагоні”, часопісе “Божым шляхам”, які выдавалі айцы Леў Гарошка, Язэп Германовіч і Аляксандр Надсан. Біяграфіі дзеячаў БХД сабраў увадно Юрась Гарбінскі, звесткі пра рэпрэсаваных святароў – Леанід Маракоў.
Але ідэя хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі, пасеяная ў крыві і попеле, толькі чакала свайго часу, каб прарасці.
З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”
Працяг будзе