Праграма БХД. Суды агульнай юрысдыкцыі
8.3.1. БХД лічыць неабходным стварыць чатырохузроўневую сістэму агульных судоў. Гэта забяспечыць неабходную дэцэнтралізацыю і незалежнасць судовай сістэмы ад выканаўчых органаў, мясцовых самакіраванняў, прыватных і іншых уплываў.
8.3.2. Першым звяном сістэмы агульных судоў павінен стаць міравы суддзя, у кампетэнцыі якога знаходзіцца разгляд малазначных грамадзянскіх спраў, асобных катэгорыяў крымінальных спраў і спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Міравы суддзя абіраецца насельніцтвам адпаведнай муніцыпальнай/валасной адзінкі тэрмінам на 5 гадоў.
8.3.3. Асноўным звяном судовай сістэмы з’яўляецца акружны суд, у кампетэнцыі якога – разгляд крымінальных і грамадзянскіх спраў. Акружны суд дзейнічае на міжмуніцыпальным узроўні. Суддзі акружнога суда абіраюцца насельніцтвам адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак тэрмінам на 10 гадоў.
8.3.4. Праверачнай інстанцыяй і судом першай інстанцыі па асабліва цяжкіх злачынствах з’яўляецца павятовы (Мінскі акружны) суд.
8.3.5. На ўзроўні акружных і павятовых судоў мэтазгодна ўвядзенне інстытуту прысяжных для разгляду складаных крымінальных спраў.
8.3.6. Ваенныя суды ўваходзяць у сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі і дзейнічаюць ва Ўзброеных Сілах.
8.3.7. Вышэйшай судовай інстанцыяй з’яўляецца Вярхоўны Суд. Ён правярае судовыя пастановы ў парадку нагляду. Суддзі Вярхоўнага Суда абіраюцца на бестэрміновай аснове Сенатам па прапанове Прэзідэнта.
8.3.8. Пры вылучэнні суддзяў на кіруючыя пасады або ў суды больш высокай інстанцыі неабходна ўлічваць рэкамендацыі судовай супольнасці.
З Праграмы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года