Хрысціянска-дэмакратычная ідэя ў Маладым Фронце

31 жніўня 2017 09:20  |  Грамадства

Хрысціянска-дэмакратычная ідэя ў Маладым Фронце

 

З сярэдзіны 1998 года яшчэ адным агмянём хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі стаў Малады Фронт. Створаны на хвалі масавых вулічных дэманстрацыяў 1996-97 гадоў як маладзёвае крыло БНФ, Малады Фронт хутка набраў папулярнасць і стаў масавым рухам з дзесяткамі рэгіянальных радаў, больш як сотняй мясцовых суполак і некалькімі тысячамі удзельнікаў; ужо напрыканцы 1997-га ён стаў аўтаномным, а пасля расколу 1999 года – і фактычна самастойным.

Ужо ў чэрвені-верасні 1998 года шэраг лідэраў МФ (Яўген Скочка, Аляксей Шэін, Сяржук Паўленка і аўтар гэтых радкоў) пачалі акрэсліваць ідэалогію руху як хрысціянска-дэмакратычную. Вялікую ролю ў гэтым адыграла хваля асабістых пакаянняў і навяртанняў, а таксама дзейнасць хрысціянскай супольнасці “Ян Прадвеснік”, якая выйшла з рыма-каталіцкай парафіі Святой Тройцы (на Залатой горцы) і была зарэгістраваная як поўнаевангельская царква.

У лютым 1999 года на 2-ім Сойме Маладога Фронту ў прысутнасці больш як 450 дэлегатаў словы пра хрысціянскія каштоўнасці руху і цытаты з Бібліі гучалі на поўны голас.

На з’ездзе БНФ 31 ліпеня-1 жніўня 1999 года фракцыя Маладога Фронту (больш як  30 дэлегатаў) раздала народафронтаўцам праграмны дакумант пад назвай “Другое дыханьне Фронту”, дзе прапанавала ператварыць БНФ у хрысціянска-дэмакратычную партыю. Праект быў адхілены.

З верасня маладафронтаўцы-хрысціяне заснавалі ў Менску клуб “Хрысціянская ініцыятыва” і пачалі арганізоўваць для моладзі сустрэчы са святарамі і вернікамі розных канфесій.

Ужо ўвосені 1999-увесну 2000 года хрысціянскае абуджэнне ў Маладым Фронце выклікала бурлівую ўнутраную дыскусію, якая выплеснулася на старонкі незалежнай прэсы. На 3-цім Сойме Маладога Фронту 1 ліпеня 2000 года ў Менску спаборнічалі хрысціянска-дэмакратычная (Севярынец, Шэін, Скочка) і кансерватыўная (Шыдлоўскі, Янукевіч, Лабковіч) плыні. З вялікай перавагай (92 дэлегаты супраць 35) была прынятая хрысціянская праграма “Малады Фронт пераменаў”.

Больш падрабязна пра гэта можна прачытаць у кнізе “Пакаленне Маладога Фронту”.

Маладафронтаўская эвалюцыя 1997-2000 гадоў – ад пратэстнага руху да  хрысціянскай дэмакратыі – сталася ключавой у справе адраджэння хадэцыі ў Беларусі. Менавіта з МФ выйшлі тыя, хто праз некалькі гадоў аднавіў БХД.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”

 

Працяг будзе

Болей навін