Адраджэнне БХД. 2004-2009: Хрысціяне-маладафронтаўцы і евангельскія дэмакраты
У 2004 годзе ў Маладым Фронце адбылася змена пакаленняў: новымі кіраўнікамі МФ сталі Зміцер Дашкевіч і Сяржук Бахун; у сваю чаргу, мы з Аляксеем Шэіным змаглі заняцца тым, пра што марылі яшчэ ў Беларускім Народным Фронце – стварэннем хрысціянска-дэмакратычнай партыі.
Першай ініцыятыўнай групай хадэцыі былі хрысціяне-маладафронтаўцы старэйшага ўзросту, а таксама нашы палітыкі-аднагодкі каталік Мікола Арцюхоў, лідэр супольнасці “Хаўрус сяброў”, і вернік евангельскай царквы Зміцер Марчук. Паколькі партыя задумвалася як шматканфесійная, сустаршынямі аргкамітэту сталі каталік Мікалай Арцюхоў, пратэстант Аляксей Шэін і праваслаўны Павел Севярынец.
Увосені 2004 года на ініцыятыву Аляксея Шэіна прайшла наша сустрэча з пастарамі-пратэстантамі, якія удзельнічалі ў выбарчых кампаніях 2001- 2004 гадоў: пастарам лепельскай евангельскай царквы Георгіем Салаўёвым, пастарам Дзяржынскай царквы ХВЕ Мікалаем Козелам, кобрынскім пратэстантам-прадпрымальнікам Георгіем Змітруком. Высветлілася, што многія пратэстанцкія святары і вернікі таксама абмяркоўваюць ідэю “хрысціянскай партыі”.
18 снежня 2004 года ў Менску ў гатэлі “Планета” адбылося першае паседжанне аб’яднанага аргкамітэту хрысціян-маладафронтаўцаў і групы “евангельскіх дэмакратаў”. На ім было прынята рашэнне: стварыць хрысціянска-дэмакратычную партыю і назваць яе ў гонар легендарнай папярэдніцы – “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”.
З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”
Працяг будзе