Віншуем з днём народзінаў Таццяну Севярынец!

01 верасня 2017 09:30  |  Грамадства

Віншуем з днём народзінаў Таццяну Севярынец!

 

Віншуем з днём народзінаў Таццяну Севярынец – кіраўніцу самай шматлікай абласной арганізацыі БХД (больш як 850 сябраў), настаўніцу, арганізатарку кампаніяў хрысціянскай дэмакратыі на Віцебшчыне.

Жадаем ёй моцнага здароўя, веры, сілаў і вытрымкі, Божага дабраславення для яе і ўсёй яе сям’і, а таксама хутчэйшага рэфармавання Беларусі на хрысціянска-дэмакратычных каштоўнасцях.

Таццяна Яўгенаўна Севярынец (народжаная Лабачэўская) з’явілася на свет 1 верасня 1954 г. у Лунінцы Брэсцкай вобласці ў сям’і энергетыка-чыгуначніка і бібліятэкаркі. Бацька, Лабачэўскі Яўген Іванавіч, усё жыццё адпрацаваў на мясцовай электрастанцыі, прайшоў шлях ад каваля да начальніка энергаўчастка, які асвятляў чыгунку. Прайшоў нямецкі палон, быў вывезены ў Нямеччыну. Маці, Лабачэўская Галіна Міхайлаўна, бібліятэкарка, была загадчыцай раённай сістэмы бібліятэк, з сям’і рэпрасаваных, 7 гадоў дзяцінства правяла ў высылцы ў Сібіры.

Бацькі мелі высокае пачуццё годнасці, умелі адстойваць свае меркаванні, карысталіся вялікай павагай сярод лунінчан, дзяцей выхоўвалі адказнымі і добрымі.

Скончыла сярэднюю школу №2 г. Лунінца, затым філалагічны факультэт БДУ. Працоўную дзейнасць пачала ў Чырвонавольскай сярэдней школе Лунінецкага раёна піянерважатай і выкладчыцай беларускай мовы, затым працавала настаўніцай  у Пагасцянскай сярэдняй школе Аршанскага раёна, Барані, Віцебску. Выкладчыца рускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі. Шмат сіл аддавала школе, вучням, кіравала школьным тэатрам, агітбрыгадай, мае шмат падзякаў і граматаў.

13 гадоў была намеснікам дырэктара СШ 23 і СШ 40 па вучэбна-выхаваўчай працы ў Віцебску. Звольненая па палітычных матывах праз суд за 2 гады да выхада на пенсію.

У беларускую палітыку прыйшла ў 1995 годзе. Спачатку як сябра НДА “Улляна”, пазней, у 2007 годзе,  узначаліла Віцебскі гарадскі, а ў 2008 – Віцебскі абласны аргкамітэт па стварэнні Партыі БХД.

Заснавальніца суполак БХД ва ўсіх трох раёнах Віцебска, а таксама ў Гарадку, Навалукомлі, Наваполацку, Мёрах, Сянне.  Арганізатарка дзясяткаў палітычных, сацыяльных і культурніцкіх кампаніяў у Віцебску і вобласці – “За паліклініку ў Білева”, “За пабудову смеццеперапрацоўчага камбінату”, “У абарону жыцця”, “За роварныя дарожкі” і г. д. – большасць з якіх былі выніковымі. Арганізавала збор дзясяткаў тысячаў подпісаў жыхароў Віцебска ў рамках гарадскіх і нацыянальных ініцыятываў БХД.

Тройчы прымала ўдзел у кампаніях якасці кандыдата ў мясцовыя саветы (2003, 2007, 2014 гг), двойчы – ў Палату прадстаўнікоў (2008г., 2016).  Трэнер незалежных назіральнікаў. Кіруе міжпартыйным клубам жаночага лідэрства Віцебскай вобласці.

Вырасціла трох  дзяцей, мае шэсць унукаў. Жонка паэта Кастуся Севярынца, матуля сустаршыні БХД Паўла Севярынца.

 

 

Паводле аўтабіяграфіі

Болей навін