4 верасня нарадзіўся Язэп Барадзюля

04 верасня 2017 13:48  |  Грамадства

4 верасня нарадзіўся Язэп Барадзюля

 

Язэп Барадзюля нарадзіўся 4 верасня 1893 года ў вёсцы Козікі каля Шуміліна на Віцебшчыне і быў другім сынам у бацькоў. Першы, Антось – трагічна загінуў у дзяцінстве. Маці Язэпа Ганна была напужаная трагедыяй, таму вырашыла прысвяціць сына апецы Маці Божай: у першыя дні жыцця сына занесла яго ў касцёл у мястэчка Ула і паклала перад алтаром Багародзіцы з просьбаю дапамогі і аховы.

Навучанне Язэпа Барадзюлі праходзіла ў народнай школе, потым у Віцебскім гарадскім вучылішчы, дзе ён працаваў перапісчыкам, сакратаром, справаводам у Віцебскім акруговым судзе і адначасна рыхтаваўся да паступлення ў духоўную семінарыю. Пасля паспяхова вытрыманых уступных экзаменаў быў прыняты ў Магілёўскую рыма-каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу ў 1912 годзе, дзе вучыўся на казённым утрыманні і скончыў яе ў ліку лепшых у 1917 годзе.

Менавіта там Барадзюля увайшоў у кола заснавальнікаў БХДЗ – Абрантовіча, Хвецькі, Гадлеўскага, Лісоўскага, Станкевіча – і запаліўся ідэяй служэння свайму народу.

Пасля Язэп Барадзюля атрымаў накіраванне ў Пецярбургскую духоўную рыма-каталіцкую акадэмію, дзе правучыўся да 1919 года, калі гэтая установа па ўмовах Рыжскага дагавору была пераведзена ў Люблін. Язэп Барадзюля вырашыў не працягваць духоўнае навучанне ў Польшчы, а пачаць служыць імшу. Барадзюля прыняў прызначэнне вікарыем у Полацак ад Магілёўскага рыма-каталіцкага мітрапаліта і апекуна БХДЗ Эдварда Ропа.

Праз 8 месяцаў, 4 снежня 1919 года, Язэп Барадзюля стаў пробашчам трох касцёлаў: Камена-Губінскага, Бешанковіцкага і Ушацкага. Касцёл у парафіі Камена-Губіна, у якім меўся праводзіць першыя набажэнствы айцец Язэп, быў разрабаваны, з разбітымі дзвярыма. Дзякуй Богу, што засталіся званы, у якія Язэп Барадзюля пачаў званіць, чым абвесціў аб прыбыцці ксяндза ўсім парафіянам, разам з якімі аднаўляў будынак касцёла. Пры даволі складаных абставінах айцец Язэп служыў набажэнствы ў трох парафіях – Камена-Губінскай, Бешанковіцкай, Ушацкай, а таксама часткова Лепельскай і Ульскай. Разам з вайною дадалося адно з яе наступстваў – эпідэмія тыфу, ахвярамі якога стала багата парафіянаў. Айцу Язэпу даводзілася багата ездзіць па хатах, мінаючы вартаўнікоў як польскага, так і бальшавіцкага войскаў. У 1920-м годзе святар сам цяжка захварэў на тыф у Бешанковічах, але быў уратаваны палкавым доктарам чырвонаармейцаў.

У 1925-м годзе з боку савецкіх уладаў прайшла масавая хваля арыштаў і рэпрэсій рыма-каталіцкага духавенства, выкліканая ад’ездам прадстаўніка Ватыкана з савецкай Расеі. Айцец Язэп быў арыштаваны 29 снежня 1926 года ў Камена-Губінскім касцёле прадстаўніком Мінскага АГПУ. Як высветлілася пазьней, арышт святара доўга планаваўся чэкістамі. Ксёндз быў перавезены ў Лепель, затым – праз Оршу – у Менск, дзе быў пасаджаны ў турму і чакаў прысуду. У красавіку 1927-га года айцу Язэпу абвясцілі, што «особое Совещание Москвы ОГПУ года постановило заключить гр. Бородюлю в Соловецкий лагерь особого назначения сроком на три года” па абвінавачванні па 119 і 121 артыкулах Крымінальнага кодэкса СССР: «Преподавание вероучения малолетним» ды «Использование религиозных предрассудков с целью свержения власти». Перад высылкаю чэкісты спрабавалі схіліць святара да супрацоўніцтва і прапанавалі пасаду ксяндза ў Менску, казалі нават пра пасаду біскупа, з прыватным аўтамабілем і матэрыяльным забеспячэннем. Язэп Барадзюля адмовіўся. Тады айца Язэпа накіравалі па этапах Менск-Орша-Віцебск-Ленінград і далей на Салаўкі.

У бараку, куды памясцілі зняволеных, кішэла жудаснае мноства блашчыцаў: сутана, павешаная на ноч на сцяну, раніцай была не чорная – жоўтая. Выйсці з барака нават у прыбіральню без канвою не дазвалялася. Харчаваліся толькі варам і пайкаю хлеба.

 

Пасля заканчэння трохгадовага тэрміну айцец Язэп быў сасланы ў Архангельск на 3 гады, дзе ён сустрэўся з Іркуцкім дэканам Антоніем Жукоўскім, настаяцелем Мікалаем Міхасёнкам і грэка-каталіцкім экзархам Фёдаравым. Трэба адзначыць, што ў Архангельску жыла вялікая колькасць ссыльных католікаў, якіх абслугоўвалі ссыльныя святары – хрысцілі, спавядалі, прычашчалі. АДПУ не дало наладзіцца духоўнаму жыццю ў Архангельску і загадала саслаць святароў далей на Поўнач, Барадзюлю накіравалі праз Сыктыўкар у вёску Усцькулам, а пасля ў сяло Данское.

Улетку 1933 года пасля атрымання дакументаў аб вызваленні айцец Язэп быў прызначаны ў Віцебску настаяцелем касцёлаў Св. Антонія і Св. Барбары, аднак служыць яму давялося толькі 2 тыдні, бо ў кастрычніку бальшавікі забаранілі яму служэнне. Пасля чарговай адмовы супрацоўнічаць з чэкістамі ксёндз быў зноў сасланы ў Архангельск да 1935-га года і пасля гэтага ажно да 1941-га года знаходзіўся ў ссылцы. Цяжкія ўмовы ссылкі на поўнач выклікалі роспач у душы ксяндза Язэпа. Ён звяртаўся па дапамогу нават да Кацярыны Паўлаўны Пешкавай (першай жонкі Максіма Горкага), якая ў той час была старшынёй польскага Чырвонага крыжа. Яна ведала святара асабіста і падтрымлівала яго маральна і матэрыяльна. Менавіта ў 1939-м годзе айцу Язэпу з’явіўся ў сне Хрыстос і сказаў што праявіць літасць да святара і не пакіне ў часы выпрабаванняў.

З 1941-га года Язэп Барадзюля быў накіраваны на зняволенне ў Краснаярскі край, дзе быў да 1946-га года. Айцец Язэп атрымаў дакументы аб вызваленні, але ў Віцебску на той час усе касцёлы былі зачыненыя. З гэтай нагоды святар паехаў у Рыгу, дзе арцыбіскуп мітрапаліт Антоні Спрыговіч прызначыў Барадзюлю вікарыем у Даўгаўпілсе, а ў 1947-м годзе – настаяцелем касцёла ў Пасіене. Там Язэп Барадзюля праводзіў служэнне да новага арышту 7 лістапада 1949-га года. Прычым аднаўляў разбураны ў часы вайны касцёл айцец Язэп і ўласнаруч. У гэты раз айцу Язэпу завочна быў вынесены прысуд аб пажыццёвай высылцы ў Паўночна-Усходнюю Сібір, куды ксяндза накіравалі этапамі ад Рыгі да Канска, ад апошняга пункта вязні мусілі праехаць 100 кіламетраў на машынах а пасля яшчэ 50 – пешшу. Святара накіравалі ў вёску Камарай, дзе амаль усе жыхары былі беларускімі перасяленцамі. Аднак пасля наладжвання духоўнага жыцця ў той вёсцы чэкісты зноў пераводзяць ксяндза, на гэты раз у Абан, дзе айцец Язэп сустрэўся з высланымі каталіцкімі святарамі.

Пасля смерці Сталіна айцец Язэп быў вызвалены ў траўні 1954 года і атрымаў прызначэнне настаяцелем у касцёл Св. Антонія ў Піедруе Браслаўскага дэканата (цяперашняя Латвія), які ў 1632-м годзе быў заснаваны Львом Сапегам. Айцец Язэп з парафіянамі 2 гады праводзілі рамонт храма. 13 чэрвеня 1956-га года да парафіі з візітацыяй прыбыў новы біскуп Пётр Стродт. Гэтая падзея супала са Святам апекуна касцёла Св. Антонія. На ўрачыстых мерапрыемствах прысутнічала 14 ксяндзоў, 4 клерыкі, сабралося багата парафіянаў, да споведзі і Камуніі прыйшло каля 5 тысяч вернікаў, да бежмавання – 3 тысячы. Шмат было мясцовых людзей, але большасць прыехала паромам праз Дзвіну. Савецкія ўлады зноў не пажадалі аднаўлення духоўнага жыцця і сталі чыніць ўсялякія перашкоды для касцёльнай дзейнасці святара, што ўрэшце рэшт забаранілі яму ў 1958-м годзе. Ажно да 1978-га года айцец Язэп ня меў магчымасці праводзіць набажэнствы. За гэты час, у 1962–1963 гг., судовыя справы айца Язэпа па загадзе генеральнага пракурора Масквы былі перагледжаныя і ўсе вынесеныя прысуды ануляваныя.

Такім чынам, ахвярны ксёндз адбыў у ГУЛАГу 25 гадоў.

Толькі калі святару споўнілася 85 год, у 1978-м годзе ён атрымаў дазвол на служэнне. З таго часу і да 1983-га года, да сваёй смерці, ксёндз Язэп Барадзюля служыў імшу ў касцёле Св. Альберта ў Рызе.

Памёр Язэп Барадзюля 27 верасня 1983 года.

 

Уладзімір Шыпіла

 

Болей навін