Праграма БХД. Праваахоўныя органы і юрыдычная дапамога

14 верасня 2017 11:23  |  Палітыка

Праграма БХД. Праваахоўныя органы і юрыдычная дапамога

 

8.9.1. Праваахоўныя органы Рэспублікі Беларусь павінны пазбавіцца ад неўласцівых ім функцыяў, у тым ліку палітычнага вышуку. Паўнамоцтвы праваахоўных органаў абмяжоўваюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншымі нарматыўна-прававымі актамі.

8.9.2. БХД лічыць неабходным перагледзець і дакладна акрэсліць ролю Міністэрства юстыцыі ў судова-прававой сістэме.

8.9.3. Пракуратураз’яўляецца органам, які забяспечвае ад імя дзяржавы нагляд за дакладным i аднолькавым выкананнем законаў на тэрыторыі рэспублікі. Функцыі і аб’ём паўнамоцтваў пракуратуры павінны адпавядаць прыродзе пракурорскага нагляду. Праз пракурорскі нагляд рэалізуюцца прынцыпы стрыманняў і супрацьваг у сістэме юстыцыі. Варта вызваліць пракуратуру ад неўласцівых ёй функцыяў у галіне нагляду за судом.

8.9.4. Вышэйшым органам фінансава-эканамічнага кантролю Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Кантрольная палатаРэспублікі Беларусь. Кантрольная палата ўтвараецца Парламентам Рэспублікі Беларусь і падсправаздачная яму. Сойм абірае старшыню і палову аўдытараў, Сенат абірае двух намеснікаў старшыні і другую палову аўдытараў тэрмінам на 4 гады. Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь складаецца з калегіі і апарату.

8.9.5. Следчы камітэт павінен стаць адзіным органам папярэдняга следства ў краіне. Хрысціянскія дэмакраты выступаюць за ўмацаванне незалежнасці і самастойнасці Следчага камітэту, які павінен падпарадкоўвацца Міністэрству юстыцыі. Старшыня Следчага камітэту пры пракуратуры прызначаецца і вызваляецца з пасады Сенатам па прапанове Прэзідэнта.

8.9.6. Цэнтральным органам крымінальна-выканаўчай сістэмы з’яўляецца Пенітэнцыярная служба Беларусі. Дзейнасць Пенітэнцыярнай службы павінна накіроўвацца і каардынавацца Міністэрствам юстыцыі. Мы выступаем за павелічэнне выкарыстання альтэрнатыўных мер пакарання замест зняволення ў турмах і калоніях. Незалежныя назіральнікі павінны мець магчымасць кантролю за ўтрыманнем асуджаных ва ўстановах зачыненага тыпу. Неабходным з’яўляецца працяглая праграма адукацыі і павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў турмаў і калоніяў.

8.9.7. БХД лічыць: пазбаўленыя волі могуць быць толькі тыя, хто небяспечны для грамадства або здзейснілі цяжкае злачынства. Савецкая сістэма турм і “зонаў” арыентаваная на падаўленне, прыніжэнне і ламанне чалавека. Галоўнай задачай службы стане рэальнае перавыхаванне асуджаных.

8.9.8. У прававой дзяржаве адвакатура бачыцца хрысціянскімі дэмакратамі як незалежная, прафесійная, самакіраваная і грамадская арганізацыя. Разам з калегіямі адвакатаў прафесійнай праваабарончай дзейнасцю могуць займацца іншыя аб’яднанні і асобы.

8.9.9. Карпаратыўнасць юрыстаў варта разглядаць як важкі фактар у рэалізацыі прынцыпаў прававой дзяржавы і правядзенні судова-прававой рэформы. Грамадскія аб’яднанні юрыстаў, якія маюць функцыі органаў самакіравання, павінны ўдзельнічаць у вырашэнні пытанняў дысцыплінарнай вытворчасці ў дачыненні да юрыстаў, выдачы ліцэнзіяў на занятак прафесійнай юрыдычнай дзейнасцю, прысваення квалiфiкацыйных класаў, чыноў, званняў, прадстаўлення да ўзнагарод і ў іншых выпадках, калі неабходна адзнака маральных якасцяў юрыстаў.

 

8.9.10 Асновай самакіравання юрыстаў з’яўляецца захаванне дэмакратычных працэдур абрання, дзейнасці і справаздачнасці кіруючых і рабочых органаў, іх скіраванасць на падтрымку высокага прэстыжу і сацыяльнага статусу юрыдычных прафесіяў.

З Праграмы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года

Болей навін