Віталь Рымашэўскі: настаўнікаў надалей разглядаюць як частку рэпрэсіўнай дзяржаўнай машыны
Беларуская сістэма адукацыі захавала найгоршыя савецкія традыцыі. Пра гэта заявіў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, каментуючы тое, што на сайце аддзелу адукацыі Капыльскага райвыканкаму была змешчаная метадычка, у якой патэнцыйна небяспечнымі называліся сем’і вернікаў і шматдзетныя сем’і. У прыватнасці, ён адзначыў выкарыстанне дзяцей як сродак ціску на бацькоў, асабліва на ідэалагічных апанентаў і нязгодных з дзеяннямі аўтарытарнай улады.
“І па сутнасці, і па духу сённяшнія ўлады застаюцца спадкаемцамі антычалавечнага камуністычнага рэжыму. І Царква, і вернікі, няглядзечы на ўсе дэкларацыі, разглядаюцца імі як вораг. І Міністэрства адукацыі хлусіць, калі адмаўляецца ад выдання гэтага метадычнага дапаможніка, які быў знойдзены таксама сярод выданняў БДПУ. А гэта значыць, што настаўнікі надалей разглядаюцца як частка рэпрэсіўнай дзяржаўнай машыны, якія павінны знішчаць іншадумства ў беларускім грамадстве”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.
Паводле яго, усе адказныя за выпуск гэтай метадычкі і за яе ўжыванне мусяць панесці пакаранне і ў якасці першага кроку прынамсі быць пазбаўленыя пасадаў. “Беларуская сістэма адукацыі патрабуе неадкладнага рэфармавання. Сёння міністэрства адукацыі ўзначальваюць людзі, якія не саромеюцца называць сябе камуністамі, па сутнасці, нашчадкамі злачыннага рэжыму. І любыя “рэформы”, якія могуць правесці яны, толькі канчаткова знішчаць усе расткі цывілізаванай сістэмы адукацыі, якія, нягледзячы ні на што, з’явіліся за апошнія 25 гадоў”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі, дадаўшы, што хрысціянскія дэмакраты разам з экспертамі распрацавалі канцэпцыю рэформ сістэмы адукацыі.
Ён падкрэсліў, што адукацыя не павінна мець ніякай ідэалагічнай залежнасці, а ў краіне павінны існаваць розныя формы адукацыі. “Без гэтага нам ніколі не дасягнуць узроўні развітых краін свету, якія б справаздачы не рабілі беларускія чыноўнікі”, – дадаў палітык.