Новы з’езд і спробы рэгістрацыі БХД

19 верасня 2017 14:01  |  Палітыка

Новы з’езд і спробы рэгістрацыі БХД

 

Эфект ад першага з’езду адноўленай БХД быў агаломшвальны. Тое, што ва ўмовах рэжыму ўдалося стварыць адкрытую і масавую па беларускіх мерках партыю, сведчыла пра запатрабаванасць ідэі хрысціянскай дэмакратыі ў лукашэнкаўскай Беларусі. У царкоўных асяродках – праваслаўных, каталіцкіх, пратэстанцкіх – усцяж пачаліся размовы пра хрысціянства і палітыку. Рэжым не ведаў, што рабіць з БХД – і многія апазіцыйныя сілы ды лідэры адчулі ў аднаўленні хадэцыі сур’ёзную пагрозу.

Паказальна, што адразу ж на наступны дзень пасля з’езду у беларускіх СМІ выбухнула шырокая дыскусія пра аборты, а затым – пра удзел вернікаў у палітыцы: уражанне было такое, быццам хадэкі ўзялі ўладу і апаненты ад камуністаў да лібералаў ствараюць фронт барацьбы з новым Сярэднявеччам. І афіцыёз, і многія партыйныя лідэры сцвярджалі: БХД не зарэгістраваная, таму яе нельга лічыць палітычным суб’ектам.

Дакуманты, накіраваныя хадэкамі на рэгістрацыю, пераслалі ў КДБ, МУС і мясцовыя ворганы ўлады. Пачаўся масавы ціск на заснавальнікаў, каб тыя адмаўляліся ад подпісаў. Урэшце, у красавіку 2009 года Мін’юст БХД не зарэгістраваў.

Зрэшты, розгалас і пераможныя вынікі грамадскіх кампаніяў давалі плён. У БХД ішлі людзі. Ужо ўлетку Нацыянальная рада пастанавіла правесці яшчэ адзін з’езд увосені гэтага ж года і зноў дамагацца рэгістрацыі партыі.

31 кастрычніка 2009 года ў Менску, у тым жа Палацы культуры Мінскага трактарнага завода прайшоў новы з’езд БХД з удзелам 311 дэлегатаў і больш як 200 гасцей. Былі паўторна прынятыя Статут і Праграма, абноўлены склад Нацыянальнай рады.

Пасля з’езда ў афіцыйных СМІ пракацілася хваля прапагандысцкіх публікацыяў, накіраваных супраць самой ідэі хадэцыі і яе лідэраў. Але  на спецыяльны рэпартаж БТ адмысловай заявай адрэагавала Прэс-служба Беларускай праваслаўнай царквы: “Гэты заказны палітычны матэрыял выклікаў у епіскапата БПЦ скрайне негатыўную рэакцыю. Царква ні ў якім выпадку не выступае супраць хрысціянска-палітычных партыяў і рухаў, а наадварот, вітае іх дзейнасць”. Заява, агучаная прэс-сакратаром БПЦ архімандрытам Аляксеем Шынкевічам , сведчыла пра тэктанічныя зрухі ў свядомасці грамады вернікаў: дагэтуль пазіцыя праваслаўнай царквы скрайне рэдка разыходзілася з афіцыйнай.

Больш таго, на ўлады пачалі ціснуць і еўрапейскія палітыкі: рэгістрацыя БХД стала тэмай палітычных перамоваў. У выніку Міністэрства юстыцыі, парушаючы ўласнае заканадаўства, зацягнула прыняццё рашэння адносна БХД на некалькі месяцаў, да вясны 2010 года.

14 лістапада 2009 года БХД супольна з хаўруснікамі па правацэнтрысцкім лагеры – Рухам “За свабоду”, БНФ, Маладым Фронтам  і іншымі правялі ў Менску прадстаўнічы Еўрапейскі форум, у якім удзельнічалі больш за 1000 дэлегатаў і гасцей. Форум пачаўся гімнам “Магутны Божа”, падчас галасавання на прапанову БХД ў дакуманты большасцю галасоў былі ўнесеныя праўкі, датычныя хрысціянскіх каштоўнасцяў – і назіральнікі ды журналісты зафіксавалі: ў беларускай  палітыцы хадэцыя набірае сілу ды робіцца ідэалагічным рухавіком.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”

 

Працяг будзе

Болей навін