Кампаніі БХД 2012-2016 гадоў

27 верасня 2017 14:50  |  Палітыка

Кампаніі БХД 2012-2016 гадоў

 

Першай агульнанацыянальнай кампаніяй, якую хрысціянскія дэмакраты разгарнулі пасля крызісу 2011-га года, выкліканага разгромам Плошчы і дэмакратычнага руху і акцыяў салідарнасці, была Кампанія ў абарону жыцця. Дзякуючы высілкам Вольгі Кавальковай, якая далучылася да БХД пасля кампаніі 2010 года, у Менску прайшоў шэраг круглых сталоў, дзе арганізацыі пралайф-руху скаардынавалі працу ў галіне змены заканадаўства. Было сабрана больш 25 тысячаў подпісаў за змены ў Закон аб ахове здароўя. У снежні 2014 года Палата прадстаўнікоў прыняла змены, якія скарацілі колькасць сацыяльных паказнікаў да аборту ад 9 да 2 і далі права дактарам адмаўляцца ад правядзення аборта.

Натхнёныя поспехам, хрысціянскія дэмакраты ўзяліся за кампанію “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю”. У 2013-16 гадах у дзясятках гарадоў былі сабраныя подпісы за абмежаванне часу  продажу алкаголю, узросту рэалізацыі, адасабленне спіртнога ад прадуктаў харчавання, забарону парасонавых брэндаў. На мясцовым узроўні хадэцкія антыалкагольныя захады далі рэальны плён.

У канцы 2014 года БХД з ініцыятывы Віталя Рымашэўскага пачала шырокамаштабовую кампанію “Народны кантроль”, мэтай якой было дамагчыся паляпшэння умоваў жыцця для насельнікаў асобных гарадоў – у галінах медыцыны, экалогіі, прадпрымальніцтва, адпачынку. Так, у Віцебску хадэкі дамагліся будаўніцтва паліклінікі й рамонту інфекцыйнага шпіталя, а таксама  роварных дарожак, у Гародні – адкрыцця медпункта на кірмашы, у Гомелі – ачысткі гарадскога вадаёма. Агулам сябры БХД за год, да лета 2015 года сабралі звыш 80.000 подпісаў па значных грамадскіх праблемах.

Важную і выніковую кампанію ў 2014-15 гадах правялі Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты: “Беларусь – у Балонскі працэс”. Маладыя хадэкі пад кіраўніцтвам Марыны Хоміч сабралі больш 6 тысячаў подпісаў за далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу – і ў сярэдзіне 2015 года ЕС адчыніў дзьверы для беларускай сістэмы адукацыі.

Працягвалася кампанія “Люблю Беларусь”, у рамках якой выйшлі яшчэ 3 музычныя зборнікі “Беларускі хрысціянскі хіт” –  “Бардаўскі хрысціянскі хіт”, “Пілігрымскі хіт” і “Люблю Беларусь”, прайшлі яшчэ два выпускі “Дыджэяў Адраджэння”, шэраг канцэртаў і вечарынаў.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”

Працяг будзе

 

Болей навін