Віталь Рымашэўскі пра паседжанне каталіцкіх біскупаў у Беларусі і палітыку ўладаў да Цэркваў
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі пракаментаваў правядзенне ў Менску пленарнага паседжання Рады канферэнцый каталіцкіх біскупаў Еўропы і палітыку ўладаў Беларусі да Цэркваў.
“Сустрэчу з каталіцкімі біскупамі Аляксандр Лукашэнка выкарыстаў выключна для свайго піяру. Усе рэчы, якія там задэкларавалі ўлады (неабходнасць павелічэння ролі хрысціянскіх канфесій у грамадскім жыцці Беларусі, неабходнасць пашырэння хрысціянскіх прынцыпаў у грамадстве, роўнасць усіх канфесій), цалкам супярэчаць рэальнай палітыцы, якая праводзіцца ў Беларусі. У нашай краіне не ідзе размова ні пра роўнасць канфесій, ні пра свабоду веравызнання”, – адзначыў ён.
У якасці прыкладу сустаршыня БХД прывёў закрыццё па сутнасці адзінай прыватнай праваслаўнай школы, якая існавала ў Доме міласэрнасці. “Літаральна на днях яна была знішчана па непасрэдным загадзе міністра адукацыі, нягледзячы на тое, што школу курыраваў Фёдар Поўны – святар, набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. Калі нават да набліжаных святароў адбываюцца такія жорсткія дзеянні, то што можна казаць пра астатнія рэлігіі і супольнасці, асабліва неправаслаўныя?” – задаўся пытаннем Віталь Рымашэўскі.
На яго думку, беларускія ўлады цалкам праводзяць палітыку ў духу СССР, дзе канфесіі ўспрымаліся варожа.
Што тычыцца прапановы пра сустрэчу Папы Рымскага і Патрыярха Маскоўскага ў Беларусі, то Віталь Рымашэўскі назваў гэта патрабаваннем з боку Аляксандра Лукашэнкі да Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі, за невыкананне якога могуць пайсці зноў рэпрэсіі ў выглядзе пераследу вернікаў ці высылкі замежных святароў. «Такая сустрэча, безумоўна, залежыць не ад Аляксандра Лукашэнкі, ні нават ад Ватыкану ці Патрыярха Кірыла. Рашэнне аб такой сустрэчы будзе прымацца ў Крамлі. Таму і пра Беларусь, як пра перамоўную пляцоўку, можна казаць вельмі ўмоўна», – адзначыў ён.