100 год БХД: МІХАІЛ ПЯТРОЎСКІ

06 кастрычніка 2017 15:59  |  Галоўныя навіны

 

Ксёндз Міхаіл Пятроўскі – адзін з першых кіраўнікоў мясцовых суполак БХДЗ, стваральнік структураў хрысціянскай дэмакратыі ў Шаркаўшчыне, на Ашмяншчыне і Вілейшчыне.

Будучы ксёндз нарадзіўся 3 кастрычніка 1889 года ў мястэчку Празарокі Дзісенскага павету ў сялянскай сям’і. Навучаўся на памочніка аптэкара, але ў 1905 годзе здаў уступныя іспыты ў Віленскую духоўную семінарыю. Паколькі вольных месцаў на курсе не было (паўнакроўнае пакаленне пакліканняў спарадзіла хвалю святароў-беларусаў), яго залічылі толькі на наступны год, у 1906-ым.

У 1912 годзе Міхаіл Пятроўскі быў высвечаны на ксяндза.

Як адзін з найбольш здольных вучняў, пасля заканчэння семінарыі ён паступіў у Пецярбург, у мітрапалітальную Духоўную акадэмію – і тут апынуўся ў асяроддзі свядомых ксяндзоў-беларусаў. Міхась Пятроўскі быў частым госцем і на кватэры Браніслава Эпімах-Шыпілы, і ў хаце “матора” БХДЗ, Фабіяна Абрантовіча, кшталтаваў веру і веды разам з Адамам Лісоўскім, Адамам Станкевічам, Вінцэнтам Гадлеўскім, Андрэем Цікотам і іншымі лідэрамі беларускага хрысціянскага руху.

У 1917-ым менавіта ксёндз Міхал Пятроўскі узначаліў хадэцкую працу на Дзісеншчыне і Браслаўшчыне. Як сведчыць Адам Станкевіч, Пятроўскі апекаваўся суполкамі БХДЗ ня толькі ў Шаркаўшчыне, дзе быў пробашчам, але і ў Барадзенічах, і ў Дзісне, і ў Друі, і ў Іказні.

З 1919 года Міхась Пятроўскі быў пераведзены ў Баруны на Ашмяншчыне – і разгарнуў хадэцкую працу там. Таксама ў Барунах Міхаіл Пятроўскі за свой кошт і ахвяраванні парафіянаў арганізаваў і ўтрымліваў прытулак для сіротаў і дзяцей бедных бацькоў.

Урэшце, няўрымслівы ксёндз так раздражніў сваёй беларускай працай польскія шавіністычныя колы, што перад выбарамі ў Польскі сейм быў арыштаваны – 28 чэрвеня 1921 года яго абвінавацілі ў “імкненні да палітычнага перавароту” і некалькі месяцаў пратрымалі ў турме на Лукішках.

Адзін з удзельнікаў Беларускага з’езду  Віленшчыны і Гарадзеншчыны 9-10 чэрвеня 1919, ксёндз Міхал як адзін з найбольш аўтарытэтных дзеячаў нацыянальнага руху быў выбраны ў ягоную Цэнтральную Раду.

У 1925 годзе  ксёндз Пятроўскі быў зноў абвінавачаны ў “беларускай агітацыі” сярод жыхароў парафіі Даўгінава.

Напрыканцы жыцця  Міхаіл Пятроўскі быў пробашчам парафіі Вінная на поўдні Пінскай дыяцэзіі. Памёр 26 ліпеня 1931 года і быў  пахаваны на тамтэйшых могілках.

 

 

Павел Севярынец

Болей навін