88 гадоў таму памёр Адам Лісоўскі
Ксёндз Адам Лісоўскі – адзін з заснавальнікаў Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці і настаўнік правадыра БХД Адама Станкевіча.
На гістарычным З’ездзе беларускага каталіцкага духавенства 24-25 траўня 1917 года ксёндз Адам Лісоўскі мусіў чытаць рэферат, прысвечаны беларускасці ў Касцёле, але ўрэшце з ягоным дакладам выступіў Адам Станкевіч – і менавіта ён павёў і хрысціянска-дэмакратычны, і агулам беларускі рух у Заходняй Беларусі ў міжваенныя дзесяцігоддзі.
Ксёндз Адам Лісоўскі – ганаровы канонік Пінскай капітулы, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.
Нарадзіўся будучы ксёндз 18.01.1884 (па іншых крыніцах – у 1883) у вёсцы Каранды Ашмянскага павета Віленскай губерніі. Паходзіў з нацыянальна-свядомай беларускай каталіцкай сям’і (бацькі – Язэп і Францішка Лісоўскія). У 1899-1903 гг. вучыўся ў духоўнай каталіцкай семінарыі ў Вільні. Пасля яе заканчэння працягнуў вучобу ў Духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу.
З часоў вучобы ў акадэміі Адам Лісоўскі быў звязаны з біскупам Стафанам Данісевічам, адным з першых рупліўцаў беларускасці ў Касцёле, і выкладчыкам грэчаскай мовы, патрыярхам беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху, Браніславам Эпімах-Шыпілам. Прыязджаючы ў родную вёску на вакацыі, распаўсюджваў сярод аднавяскоўцаў і ваколічных суседзяў беларускія кніжныя выданні («Смык беларускі» Мацея Бурачка і інш.). Пасвячоны ў святары ў 1907 г. Душпастырскую дзейнасць пачаў на пасадзе вікарыя ў касцёле Дзевы Марыі ў Магілёве.
З 1910 г. служыў у парафіях св. Тройцы і св. Роха ў Менску. Выконваў абавязкі адміністратара ў касцёле святых Сымона і Алены (1911). У 1912-1914 гг. працаваў у Маскве, выкладаў Закон Божы ў свецкіх навучальных установах. Пазней служыў пробашчам у парафіі Гарадзішча на Піншчыне (маёнтак Скірмунтаў). З 1916 г. – адміністратар і дэкан у Ігумене Менскай губ. У 1918-1922 гг. працаваў пробашчам парафіі Каралішчавічы і адміністратарам у парафіі Анопаль.
У 1921 г. біскупамЗыгмунтам Лазінскім прызначаны генеральным вікарыем часткі Менскай дыяцэзіі ў Савецкай Беларусі.
Ад пачатку заснавання ксёндз Адам Лісоўскі быў сябрам Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці (пасля – БХД). Выступаў за беларусізацыю рэлігійнага жыцця.
Пераклаў на беларускую мову частку Новага Запавету: Апакаліпсіс, Лісты апостала Паўла, Апостальскія дзеі.
На пачатку 1920-х гадоў – пробашч, а пазней адміністратар кафедральнага касцёла ў Менску. У 1922 г. ўзначаліў Менскі дэканат.
У пачатку 1920-х гадоў ксёндз Адам быў абвінавачаны савецкімі ўладамі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Арыштаваны органамі бяспекі 31.05.1922. Быў прысуджаны да расстрэлу, які пазней замянілі на 5 гадоў турмы. Пасля менскай вязніцы сядзеў за кратамі ў Бутырскай турме ў Маскве і ў Яраслаўлі. Вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу 28.04.1924 у выніку абмену палітычнымі вязнямі паміж уладамі Польшчы і Савецкай Расеі.
З сярэдзіны 1920-х гадоў жыў у Заходняй Беларусі. Працаваў адміністратарам у парафіі Гарадзішча недалёка ад Пінска. Пазней служыў пробашчам у парафіі Вышкі.
Памёр 09.10.1929 у Варшаве. Пахаваны ў мясцовасці Кляшчэлі Бельскага павета побач са сваім духоўным настаўнікам Адольфам Пласкавіцкім.
Павел Севярынец