66 гадоў таму нарадзіўся Міхась Арэшкаў

18 кастрычніка 2017 11:51  |  Грамадства

 

Міхась Арэшкаў, адзін з лідараў БХДЗ 1990-ых гадоў, нарадзіўся 18 кастрычніка 1951 года ў сям’і настаўнікаў на Мядзельшчыне, каля Нарачы, у вёсцы Занарач.          

Неўзабаве бацькі пераехалі на Смаргоншчыну, дзе прадоўжылі сваю працу настаўнікамі і абаснаваліся на сталае жыццё. У 1965 годзе М. Арэшкаў скончыў 8 класаў Суцькаўскай школы і паступіў на вучобу ў Мінскі радыётэхнічны тэхнікум. Пасля сканчэння тэхнікума паступіў у Мінскі радыётэхнічны інстытут, які скончыў у 1974 годзе. Працаваў праграмістам у Мінску.

Ужо за камуністычным часам Міхась зацікавіўся духоўным жыццём, наведваў царкву, удзельнічаў у праваслаўным руху, дзе пазнаёміўся з многімі святарамі, прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі, вернікамі.

У 1991 годзе Міхась Арэшкаў – сярод заснавальнікаў Праваслаўнага Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў.

На пачатку 1990-х, з хваляй Перабудовы і нацыянальнага Адраджэння, Міхась Арэшкаў стаў адным з пачынальнікаў партыі “Беларуская хрысціянска-дэмакратычная Злучнасць (БХДЗ)”. На ўстаноўчай канферэнцыі БХДЗ, якая адбылася 1 чэрвеня 1991 г., быў абраны сустаршынём і заставаўся на гэтай пасадзе да закрыцця партыі ў 1998 годзе.

БХДЗ выступала за “за ўсталяванне асноўных каштоўнасцей хрысціянскай культуры: братэрскай любві, міласэрнасці, свабоды і адзінства ўсіх людзей”. Слова “Злучнасць”, што стаяла ў назве партыі, азначала злучнасць, ці яднанне асноўных хрысціянскіх канфесій, існуючых на Беларусі – праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай і уніяцкай. Міхась Арэшкаў прадстаўляў праваслаўны накірунак БХДЗ.

У другой палове 1990-х гадоў пераехаў на сталае жыхарства ў вёску Новаспаск Смаргонскага раёна і працуе там фермерам да гэтага часу.

 

 

Анатоль Астапенка

Болей навін