Праграма БХД. Сельская гаспадарка

10 кастрычніка 2017 12:42  |  Палітыка

Праграма БХД. Сельская гаспадарка

 

9.8.1. Беларусь мае цудоўную базу для вядзення сучаснай сельскай гаспадаркі: на кожнага жыхара краіны прыпадае па 0,7 гектары ворнай зямлі (гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у свеце). Эфэктыўна выкарыстаць гэтае велізарнае багацце змогуць як буйнатаварныя, так i індывідуальныя фермерскія гаспадаркі Своеасаблівы імпульс аграрным адносінам павінная прыдаць прыватная ўласнасць на зямлю. Беларусь, традыцыйна моцная у галіне сельскагаспадарчай вытворчасці, мае ўсе перадумовы не только для забеспячэння уласных патрэбаў у харчаванні, але i для экспарту канкурэнтаздольнай прадукцыі суседзям.

9.8.2. У сельскай гаспадарцы БХД выступае за перадачу зямлі тым, хто на ёй працуе. Наш прыярытэт – развіццё фермерскіх гаспадарак. Аграрная рэформа мусіць ісці паслядоўна, але хутка. На першым этапе паспяховыя (даходныя) сельскагаспадарчыя прадпрыемствы атрымаюць права арэнды зямлі і пэўныя льготы на 5 гадоў, а ворная зямля, што знаходзіцца ў карыстанні стратных ААТ, былых калгасаў, саўгасаў, стане асноваю зямельнага рынку Беларусі. Ворыва можна будзе выкупіць або арандаваць, атрымаўшы крэдыт на набыццё тэхнікі, угнаенняў, насення праз адмысловы Зямельны банк. Купляць зямлю будуць мець права толькі грамадзяне Беларусі. Права распараджэння і размеркавання зямлі будзе нададзена ворганам мясцовага самакіравання.

9.8.3. На другім этапе рэформы рынак зямлі будзе створаны вакол гарадоў, з улікам патрэбы пад забудову – там распараджацца наданнем зямлі ў валоданне ці арэнду будуць павятовыя улады.

9.8.4. Трэці этап рэформы – прыватызацыя буйных і даходных вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі.

 

9.8.5. Нарэшце на апошнім этапе ўмовы і падаткі для ўсіх , хто працуе на зямлі, будуць ураўнаваныя. У выніку рэформы кожны кавалак ворыва атрымае гаспадара, а кожны гектар дзяржаўнай зямлі – эфектыўнага карыстальніка ці распарадчыка.

 

З Праграмы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года

Болей навін