Чыноўнікі вырашылі пабудаваць пад Віцебскам смеццесартавальны завод, жыхары абурыліся

23 кастрычніка 2017 09:51  |  Грамадства

Чыноўнікі вырашылі пабудаваць пад Віцебскам смеццесартавальны завод, жыхары абурыліся

 

У Віцебску кастрычнік абвешчаны месяцам навядзення чысціні і парадку на вуліцах і ў дварах. Віцебскі гарвыканкам «запрашае» паўдзельнічаць у гэтым як арганізацыі, так і жыхароў.

Кажуць, што чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не забруджваюць. Але ж кожны жыхар Віцебску, ды і ўсёй Беларусі, добра аплочвае паслугі па прыбіранні вуліцаў і прыдваравых тэрыторый. Таму мае права на чысты горад. Але паўсюль па горадзе, у кожным мікрараёне без выключэння ёсць завалы смецця, якое не прыбіраецца тыднямі.

Шмат дзе ў месцах, дзе павінныя стаяць скрыні для збору смецця, бытавыя адходы сыпяць наўпрост, а скрыні стаяць ці ляжаць звонку. На жаль, гэта не адзінкавыя месцы.

Ідзе размова аб тым, каб заварыць смеццеправоды ў шматпавярхоўках і пачынаць смецце сартаваць яшчэ ў кватэры і выкідваць у адпаведныя скрыні. Беларусы пакуль да гэтага не гатовыя. Першая і галоўная прычына – смецце ўсё адно збіраецца ў адну машыну і звозіцца на палігон.

Віцебск наблізіўся да гарадскога сметніка

Ля самага Віцебску, ля вёскі і новага мікрараёна Білева, і недалёка ад пасёлка Тулава знаходзіцца велічэзная смеццевая гара-хрыбет. Сюды адходы з гораду возяць з 1972 года. Тры гады таму жыхары сабралі каля 1000 подпісаў за пабудову смецеперапрацоўчага заводу. Улады знайшлі пляцоўку ля Копцяў-Касачоў, амаль што падрыхтавалі яе. У снежні 2014 года планавалі закансерваваць смеццевы палігон ля Віцебску і пачаць звозіць смецце на новую пляцоўку. Але нічога не зрабілі. Як згружалі смецце ля Віцебску, так і згружаюць. І гара становіцца ўсё вышэй і даўжэй.

Смецце перапрацоўваць не будуць – будуць сартаваць

На сённяшні дзень мясцовыя ўлады маюць ужо новы план: пабудаваць смеццесартавальны завод. І не ў 30-кіламетровай зоне ад гораду, а ўсяго толькі крыху больш за кіламетр. Некаторыя прыватныя дамы з пасёлкаў Білева і Тулава знаходзяцца яшчэ бліжэй – на адлегласці ўсяго толькі 800 метраў.

Віцябляне спадзяюцца, што ўлады пераменяць сваё «дзіўнае» рашэнне

Жыхары Білева і Тулава напісалі калектыўны зварот у аблвыканкам, Віцебскі райвыканкам, ва ўпраўленне капітальнага будаўніцтва. Галоўны аргумент: смеццесартавальны завод, які плануюць пабудаваць на тэрыторыі палігону ў Агародніках, будзе шкодзіць здароўю людзей.

Штогод смеццевая гара падрастае больш чым на 100 тыс. тонаў

Згодна з перадпраектнай дакументацыяй, смеццесартавальны завод будзе пабудаваны на адлегласці 1,5 км ад гораду на пляцоўцы каля дзейснага палігону цвёрдых камунальных адкідаў. Меркаваная прадукцыйнасць – 100 тыс. тонаў смецця ў год з выбіраннем другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Тут плануецца наладзіць перапрацоўку ПЭТ-пляшак і пластмасы, а таксама вытворчасць альтэрнатыўнага паліва праз прасаванне астатняй масы. Пачатак будаўніцтва прызначаны на 2018 год. Завод плануюць узвесці за 25 месяцаў.

Інтарэсы жыхароў ніхто не ўлічвае

У сваім лісце да ўладаў віцябляне сцвярджаюць, што нават назва заводу не адпавядае меркаванай дзейнасці. Бо прадпрыемства, на якім, апроч сартавання, будзе ладзіцца перапрацоўка, ніяк не можа называцца «смеццесартавальным».

Менавіта з гэтага, мяркуюць грамадзяне, вынікае і няправільнае вызначэнне ў дакументацыі межаў санітарна-ахоўнай зоны, якая, паводле заканадаўства, павінна складаць тысячу метраў. А «да бліжэйшага населенага пункту Агароднікі і жылой забудовы па вуліцах Магістральная, Ручаёвая, Фестывальная ў Віцебску – 800 метраў».

У звароце сказана: «Узровень азелянення і добраўпарадкавання санітарна-ахоўнай зоны палігону не адпавядае патрабаванням санітарных нормаў і правілаў. Згодна са справаздачай па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, зона ўздзеяння заводу складае 1240 метраў, што перавышае санітарна-ахоўную зону і адлегласць да бліжэйшай забудовы».

Вазіць смецце за 30 кіламетраў дорага

Супрацоўнікі «Упраўлення капітальнага будаўніцтва гораду Віцебску» сцвярджаюць, што пляцоўка для размяшчэння сартавальнага заводу побач з горадам – эканамічна выгадна, а вазіць смецце за 30 кіламетраў – дорага.

Пра людзей, якія тут жывуць, ніхто не думае.

Людзі не супраць будаўніцтва такога заводу, яны супраць месца, якое абралі мясцовыя чыноўнікі.

Сітуацыю пракаментавала Таццяна Севярынец, кіраўніца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Віцебскай вобласці:

«Нашыя віцебскія ўлады любяць штогод трапляць на адныя і тыя ж граблі. Прыдумаюць самі сабе штосьці, пачнуць рабіць – раз, справа застопарылася, давай прыдумляць іншае.

У 2014 годзе сябры БХД, жыхары Віцебску сабралі тысячу подпісаў за будаўніцтва смеццеперапрацоўчага камбіната. Улады абяцалі пабудаваць. Але прайшло 3 гады і цяпер яны перадумалі.

А палігон, які існуе ля самага Віцебску з 1972 году, працуе па сённяшні дзень, хаця абяцалі яго замарозіць у 2014 годзе.

Зараз улады прыдумалі ля існуючага палігону, на пляцоўцы паміж Тулавам і Агарднікамі і побач з пасёлкам і мікрараёнам Білева, пабудаваць смеццесартавальны камбінат.
Па-першае, грошы ўжо ўкладзеныя ў пляцоўку ля Копцяў-Касачоў. Але ж уладам не шкада гэтых грошай – гэта ж не з іхнай кішэні, гэта ж народныя, а справаздачыцца ніхто не будзе, і ніякім чынам яны не будуць вернутыя ні ў выглядзе дзіцячага сада, ні патрэбнай паліклінікі, школы, таго, чаго не хапае Віцебску.

Там грошы закапалі, тут будуць закопваць здароўе людзей. Цяжка зразумець, чым кіруюцца ўлады, якімі думкамі, разлікамі. Бачна адно: людзей яны не пераварваюць, ненавідзяць.

Увесь час, калі мы праводзім свае сацыяльныя кампаніі, марым, каб людзі самі чагосьці дамагаліся. І тое, што зараз падняліся жыхары Тулава і Білева за сябе, за сваё жыццё, за сваё здароўе – гэта адзіны станоўчы момант ва ўсёй гэтай гісторыі».

 

Крысціна Авакумава, belsat.eu

Болей навін