Беларусы сталі радзей адмаўляцца ад сваіх дзяцей
Колькасць выпадкаў адмаўлення бацькоў ад дзяцей у Беларусі з 2005 г. паменшылася ў два разы. Аб гэтым, як паведаміла 12 кастрычніка 2009 г. інфармацыйнае агенцтва «Белта», паінфармавала намеснік старшыні «Беларускага саюза жанчын» Рэгіна Давідовіч.
За адзначаны перыяд больш за 4 тысячы дзяцей вярнуліся ў свае біялагічныя сем’і. З 2007 г. у нашай краіне ўпершыню была пераадолена псіхалагічная мяжа ў 500 усынаўленняў у год. Варта адзначыць, што 40 % усынавіцеляў ужо маюць сваіх дзяцей, што сведчыць аб павышэнні адказнасці за выхаванне ўсыноўленых сіротаў: людзі ўсведамляюць, з якімі цяжкасцямі ў выхаванні могуць сутыкнуцца. Большасць усынавіцеляў складаюць людзі з вышэйшай адукацыяй. Калі справы і далей будуць ісці ў падобным кірунку, можна спадзявацца, што да 2015 г. у Беларусі не застанецца сіроцкіх установаў.