134 гады таму нарадзіўся Янка Семашкевіч
Янка Семашкевіч, ён жа Янка Быліна – ксёндз, адзін з заснавальнікаў БХДЗ, пісьменнік і публіцыст.
Уваходзіў у кола ксяндзоў-беларусаў, якія засноўвалі Беларускую Хрысціянскую Дэмакратычную Злучнасць, уводзіў беларускую мову ў казанях.
Нарадзіўся Ян Семашкевіч у вёсцы Лакцяны Свянцянскага павету (цяпер Астравецкі раён Гарадзеншчыны) у сялянскай каталіцкай сям’і 30 кастрычніка 1883 года.
У 1907 годзе скончыў Віленскую духоўную семінарыю, дзе пазнаёміўся з будучымі заснавальнікамі БХДЗ Уладзіславам Талочкам і Францішкам Грынкевічам. У тым жа годзе быў высвечаны на святара. Служыў у касцёлах на Віленшчыне, Ашмяншчыне, Беласточчыне.
З 1910 года – адміністратар у парафіі Дварэц (мястэчка ў лясах паміж Наваградкам і Слонімам). З 1925 года – пробашч у Лаварышках. З 1933 года служыў на Беласточчыне — у Янаве-Падляскім (1933—1937), Ялоўцы (1937—1939), Міхалове (1939—1946), Бомблі (1946—1956).
Быў адным з арганізатараў Беларускай канферэнцыі 1917-18 гг у Вільні.
Аўтар некалькіх кнігаў вершаў, п’есаў і прыпавесцяў. Адна з іх, “На покуці” (1934) была сканфіскаваная польскімі ўладамі.
У верасні 1939 года арыштоўваўся НКВД.
Памёр Янка Быліна у 1956 годзе, пахаваны каля касцёла ў Бомблі на Беласточчыне.
Павел Севярынец