Права выбару: Толькі пасля звароту ў КДК менскія ўлады пасадзілі абяцаныя кампенсацыйныя дрэвы
25 кастрычніка, роўна на наступны дзень пасля таго, як намеснік старшыні Сацыяльна-хрысціянскага руху Максім Гацак у межах кампаніі «Права выбару» звярнуўся ў Камітэт дзяржкантролю наконт таго, што абяцаныя ў кастрычніку менскімі ўладамі кампенсацыйныя пасадкі дрэваў замест ссечаных улетку каля дома па адрасе Кірава 1 (Брама Менску) так і не былі выкананыя, гэтыя дрэвы былі пасаджаныя.
«Работы па кампенсацыйным пасадкам дрэў з улікам месцазнаходжання падземных камунікацый былі выкананы УП «Зелянбуд Ленінскага раёна г. Мінска» 25 кастрычніка 2017 года», – гаворыцца ў адказе за подпісам намесніка старшыні Менгарвыканкаму Віктара Лапцева. Зварот у КДК быў накіраваны 24 кастрычніка.
“Вельмі шкада, што для таго, каб улады выконвалі свае ж абяцанні, трэба звяртацца ў кантралюючыя органы. Выбарнасць, а не прызначаемасць надала б ім больш адказнасці за свае абавязкі”, – адзначыў Максім Гацак.
Што тычыцца прычын высечкі дрэваў, то, паводле адказу, дрэвы ў адным і тым жа двары спачатку высякаліся спачатку як такія, што знаходзяцца ў небяспечным стане, а праз месяц – ужо ў межах рэканструкцыі памяшканняў пад новую рэстарацыю KFC. У першым выпадку кампенсацыйныя пасадкі не прадугледжаныя. “Цуд ды і толькі”, – падкрэсліў намеснік старшыні аргкамітэту СХР.