8 лістапада бясплатная экскурсія ў Курапаты
Сёлета спаўняецца 100 год так званай Кастрычнікай рэвалюцыі, якая праз чырвоны тэрор распачала адлік сотням тысячаў і мільёнам ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў. Гэтая трагедыя не абыйшла хіба ніводнай сямьі, у кожнага з нас у родзе знойдуцца сваякі, якія пацярпелі ад савецкіх рэпрэсіяў. У той час, як у нашай дзяржаве дата гэтай падзеі 7 лістапада адзначаецца як свята, а камуністычнага Нюрэнбергу, пакаяньня ў гэтых забойствах, у нашым грамадзтве да гэтага часу так і не адбылося!
Таксама ў 2017-м годзе 80 год піку сталінскіх рэпрэсіяў, сумнавядомаму 1937-маму году, які на тэрыторыі былога Савецкага Саюза асацыюецца з гвалтам і жахлівым забойствам безьлічы мірных людзей усіх класаў, прафесіяў, нацыянальнясьцяў і канфесіяў.
У Беларусі сымбалем сталінскіх рэпрэсіяў стала ўрочышча Курапаты, дзе з 1937-га па першую палову 1941-га абарваліся жыцьці тысячаў, калі ня сотняў тысячаў нашых дзядоў і прадзедаў.
Віртуальны музэй савецкіх рэпрэсій у Беларусі супольна з аргкамітэтам Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, у сераду 8 лістапада запрашаюць на вечаровую бясплатную экскурсію ў Курапаты. Прыхапіце з сабой зьнічкі!
Збор а 18-й ля Крыжа Пакуты ці ў 17-50 каля ДС “Зялёны Луг” (аднапавярховы жоўты дамок на канечай 53,46 тралейбуса, 13, 24, 87 аўтобусаў).
Памятайма, каб не паўтарылася!