Права выбару: Каля 100 бабруйчан падпісаліся за скарачэнне чэргаў да лекараў

12 лістапада 2017 13:25  |  Палітыка

Права выбару: Каля 100 бабруйчан падпісаліся за скарачэнне чэргаў да лекараў

 

У рамках кампаніі «Права выбару» Бабруйчане збіраюць подпісы за скарачэнне чэргаў да вузкіх спецыялістаў у паліклініцы № 7.

Каб трапіць на бясплатны прыём да лора, неўролага, хірурга ў гарадской паліклініцы № 7, даводзіцца чакаць тыдзень, а то і два, распавялі жыхары мікрараёнаў 5, 6 і 7. Чарга да эндакрынолага і акуліста можа быць і таго даўжэй – каля месяца. Пры гэтым на платнай аснове трапіць да доктара можна значна хутчэй.

«Я сам сутыкнуўся з гэтым – тэлефануеш запісацца да вузкага спецыяліста, а табе кажуць – праз два тыдні, тры. Раней увогуле не бывае нічога. Пытаюся – а калі платна? Тады бывае, што і на наступны дзень можна, – распавёў бабруйчанін, актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Аляксей Трафімаў.

Аляксей вырашыў запытацца ў іншых жыхароў мікрараёнаў, а ці задаволеныя яны абслугоўваннем у адзінай на тры раёны паліклінікі, і выйшаў збіраць подпісы за скарачэнне чэргаў да лекараў.

«Я хачу спытаць ва ўладаў – чаму так атрымліваецца, што за грошы я магу патрапіць да доктара хоць заўтра, а бясплатна, як гэта прапісана ў нас у Канстытуцыі, мне трэба чакаць ад двух тыдняў да месяца. Тым больш што гэта праблема не толькі нашай 7-й паліклінікі, а ва ўсім горадзе так, як мне расказваюць знаёмыя», – кажа актывіст.

Акрамя скарачэння чэргаў у паліклініцы, Аляксей Трафімаў хоча дамагчыся пашырэння магчымасцяў для дзіцячага вольнага часу ў мікрараёнах.

«У нас на раёне ёсць толькі дзіцяча-юнацкая студыя «Спадарожнік», але там вялікія чэргі, яна перапоўненая. Яшчэ можна займацца таэквандо, пры школах толькі спартыўныя секцыі. Калі маляваннем, напрыклад, дзеці хочуць займацца, то ў нашым раёне ў іх няма такой магчымасці, – распавёў Аляксей. – Таксама дзеці з нашых раёнаў не магу наведваць басейн. У паліклініцы №7 ёсць басейн, але ён толькі для дарослых. Дзеці тут займацца плаваннем не могуць. Гэтае пытанне таксама хачу падняць».

Жыхары мікрараёнаў у большасці згаджаліся, што праблемы, пра якія кажа Аляксей, існуюць, і іх трэба вырашаць.

«Я тэлефаную запісацца да ўрача, а мне кажуць – праз тыдзень, ці два, – падзялілася сваім вопытам жанчына, якая спынілася каля зборшчыкаў подпісаў. – Я тлумачу сітуацыю, кажу, што ў мяне бок баліць, а мне – на іншы час талонаў няма. Дык а калі мне яшчэ горш за гэтыя дні стане, калі мне зараз трэба, каб мяне урач паглядзеў? Такія чэргі на прыём – гэта ненармальна».

Жанчына паставіла свой подпіс пад зваротам у выканкам, але перад гэтым спытала:

“А ў мяне праблем потым ніякіх не будзе за тое, што я тут падпісваюся? Не? Тады падпішу, таму што пытанне гэтае вырашаць трэба”.

Як толькі была сабрана дастатковая колькасць подпісаў, актывісты падалі ў выканкам зварот аб памяншэнні тэрмінаў чакання прыёму вузкіх спецыялістаў у паліклініцы №7.

Ініцыятарам збору подпісаў быў Аляксей Трафімаў – бабруйчанін, актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Малады чалавек асабіста сутыкнуўся з неабходнасцю чакаць ад тыдня да трох, каб трапіць да доктара.

«Тэлефануеш запісацца да вузкага спецыяліста, а табе кажуць – праз два тыдні, тры. Раней увогуле не бывае нічога. Пытаюся – а калі платна? Тады бывае, што і на наступны дзень можна», – распавядаў нам раней Аляксей.

Малады чалавек лічыць, што такая сітуацыя непрымальная, і што ў дзяржаўных паліклініках не павінна быць прыярытэту для тых, хто можа заплаціць за прыём лекара.

Актывісты збіралі подпісы сярод жыхароў мікрараёнаў 5,6 і 7, якія і абслугоўвае паліклініка №7.

Акрамя скарачэння чэргаў у паліклініцы, Аляксей Трафімаў хоча дамагчыся пашырэння магчымасцяў для дзіцячага вольнага часу ў мікрараёнах. Подпісы бабруйчан за адкрыццё дадатковых гурткоў і секцый для дзяцей у гэтых раёнах, Аляксей таксама аднёс у выканкам.

22 лістапада актывіст пойдзе са зваротамі бабруйчан на асабісты прыём да старшыні гарвыканкама Аляксандра Студнева.

 

«Бобруйский курьер»

Болей навін