Максім Гацак узяў удзел у сустрэчах у еўрапейскіх інстытуцыях
Прэс-сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Максім Гацак 5-10 лістапада ўзяў удзел у візіце ў Брусель (Бельгія), арганізаваным Інстытутам Роберта Шумана (Robert Schuman Institute) і Цэнтрам еўрапейскіх даследванняў імя Вілфрыда Мартэнса (The Wilfried Martens Centre for European Studies).
Падчас візіту адбыліся сустрэчы з дэпутатамі Еўрапарламенту ад Еўрапейскай народнай партыі (у тым ліку Давідам МакАлістэрам і Міхаэлем Галерам), прадстаўнікамі Рады ЕС, адказнымі за ўсходнюю палітыку чыноўнікамі Еўракамісіі, Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэту, кіраўніцтвам моладзевай, сеньёрскай, студэнцкай і бізнэс-арганізацый ЕНП і іншых.
“Асноўнай тэмай візіту было супрацоўніцтва Еўрапейскага саюзу з краінамі Усходняга партнёрства. Сярод іншага абмяркоўвалася і запрашэнне на саміт ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі пры адсутнасці пазітыўных зрухаў у бок дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Вельмі прыемна, што ў Еўрапейскай народнай партыі, у адрозненні ад астатніх еўрапейскіх партый, разумеюць, што ніякай дэмакратызацыі і лібералізацыі ў Беларусі няма, і не разумеюць, як можна запрашаць Аляксандра Лукашэнку ў Брусель. Таксама важна чым шырэй даносіць праўдзівую інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі да як мага больш шырокага кола палітыкаў, як у ЕС, гэтак і ў краінах Усходняга партнёрства”, – адзначыў Максім Гацак.
Удзел у візіце таксама бралі актывісты беларускага “Руху за свабоду”, украінскіх партый “Бацькаўшчына”, “Самапомач”, “Дэмакратычны альянс”, Блок Пятра Парашэнкі, малдаўскіх Ліберальна-дэмакратычнай партыі, партый “Дзеянне і салідарнасць” і Платформа “Годнасць і праўда”, Рэспубліканскай партыі Арменіі.
Візіту ў Брусель папярэднічалі сустрэчы ў Будапешце (Венгрыя), у тым ліку ў парламенце, з экспертамі і прадстаўнікамі венгерскіх партый Фідэс і Хрысціянска-дэмакратычнай партыі, Аўстрыйскай народнай партыі і іншых.