“Беларусалім” выйшаў электроннай кнігай

27 лістапада 2017 14:09  |  Грамадства

 "Беларусалім" выйшаў электроннай кнігай

 

Раман Паўла Севярынца “Беларусалім” выйшаў электроннай кнігай. Набыць асобнік можна на сайце kniharnia.by у выдавецтве Андрэя Янушкевіча:

Нагадаем, Севярынец пісаў “Беларусалім” 12 гадоў, у тым ліку ў следчым ізалятары КДБ “Амерыканка”, на сутках Акрэсціна, у ссылках у Малым Сітне ды Купліне. Першая кніга рамана аб’ёмам 390 старонак называецца “Беларусалім. Золак”. Месцы дзеяння – Менск, Кіеў, Полацк.


У ціхай і забытай Беларусі засноўваецца штаб-кватэра карпарацыі “Непагасны свет”, якая выбірае эмблемай чорны квадрат і мае мэтай ні больш, ні менш – даць усяму чалавецтву шчасце: кожнаму – пульт ад самога сябе, сваіх пачуццяў, настрояў і болю.

Паступова робіцца зразумела, што і ў Бога, і ў д’ябла грандыёзныя планы адносна Беларусі. Краіна ператвараецца ў поле эпічнай бітвы з відам на Апакаліпсіс.

 

Раман ёсць вялізнай шыфроўкай: у тэксце раскідана некалькі соцень ключоў да галоўнай інтрыігі “Беларусаліма”. Каб разгадаць галоўную загадку беларускай гісторыі, чытачам прапануецца звяртаць асаблівую ўвагу на імёны, лічбы. гістарычныя паралелі ды цытаты з Бібліі.

 

Такім чынам, “Беларусалім” – раман пра тое, што тоіць у сабе Беларусь.

 

На прэзентацыі рамана ў Менску прысутнічала каля 300 чалавек.

Болей навін