Праграма БХД. Абарона жыцця

29 лістапада 2017 10:16  |  Грамадства

Праграма БХД. Абарона жыцця

 

12.2.1. Права на жыццё ёсць фундаментальнае права кожнага чалавека. Жыццё пачынаецца з моманту апладнення, таму немагчыма разглядаць права жанчын распараджацца “сваім целам” як безумоўнае права. Людзі маюць права выбіраць, уступаць ці не ўступаць у палавыя зносіны, аднак пасля моманту апладнення жанчына не павінна мець права свабодна распараджацца плодам, які яна мае ва ўлонні.

12.2.2. БХД выступае ў абарону жыцця ад пачатку яго зараджэння і лічыць гвалтоўнае перарыванне цяжарнасці недапушчальным (за выняткам пагрозы жыццю маці).

12.2.3. БХД прапаноўвае прыняць наступныя абмежавальныя меры, звязаныя з абортамі:

12.2.4. Медыцынскімі паказчыкамі да аборту могуць быць толькі паказчыкі, звязаныя з пагрозай жыцця жанчыны (пры ўмове яе згоды).

12.2.5. Выключыць усе сацыяльныя паказчыкі для правядзення аборту за выпадкам, калі цяжарнасць наступіла ў выніку згвалтавання.

12.2.6. Неабходна гарантаваць права лекара і медычнага персаналу адмовіцца ад правядзення аборту па сваіх этычных і рэлігійных перакананнях.

12.2.7. У Беларусі будуць забаронены клінічныя выпрабаванні і вопыты над чалавечымі эмбрыёнамі і выкарыстанне іх у медыцынскіх, касметычных і вытворчых мэтах, а таксама будуць забаронены вопыты па кланіраванню эмбрыёна чалавека.

12.2.8. Здараюцца выпадкі, калі жанчыны вырашаюць пазбавіцца ад сваіх народжаных немаўлят і пакідаюць іх абы дзе. Дзяржава мусіць стварыць спецыяльныя пункты пры медыцынскіх установах і магчыма пры цэрквах для прымання такіх дзяцей. Гэты прынцып называецца “акно жыцця”: жанчына можа апусціць немаўля ў спецыяльнае акно і бесперашкодна пакінуць месца, у той час як сігналізацыя апавесціць супрацоўнікаў пра пакладзенае немаўля. БХД будзе рэалізоўваць гэты праект па ўсёй краіне, каб выратаваць многія дзіцячыя жыцці.

З Праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года ў Менску.

Болей навін