Праграма БХД. Праграмы па падтрымцы сем’яў
12.4.1. Сямейная медыцына. БХД лічыць неабходным увесці інстытут сямейнага лекара. Ён павінен мець высокую кваліфікацыю, валодаць ведамі і навыкамі не толькі ў галіне тэрапіі, але і ў галіне сумежных вузкіх спецыяльнасцяў, такіх як афтальмалогія, аталарынгалогія, неўралогія, дэрматалогія, гастраэнтэралогія і кардыялогія. Сямейны лекар ўмее ставіць дыягназ і лячыць не толькі прастуды, але і простыя формы вузкаспецыялізаваных захворванняў, праводзіць розныя дыягнастычныя даследаванні.
12.4.2. Сямейны лекар вядзе пастаяннае назіранне ўсіх чальцоў сям’і, з’яўляецца асабістым лекарам. У яго задачы ўваходзяць: поўнае першаснае абследаванне, штогадовая дыягностыка, правядзенне медычных працэдур і лячэнне. Сямейны лекар заўсёды накіроўвае пацыента да вузкага спецыяліста, калі пытанне патрабуе больш стараннага і дэталёвага вывучэння.
12.4.3. Сямейная медыцына дае магчымасць у некалькі разоў скараціць час пацыента на абследаванне і дыягностыку. За кошт таго, што сямейны лекар забяспечвае бесперапыннае назіранне за здароўем пацыента, захворванне фіксуецца на ранняй стадыі, а гэта заклад эфектыўнага лячэння.
12.4.4. Сямейны капітал арыентаваны на стымуляванне нараджэння другіх і наступных дзяцей, а таксама на інвестыцыі ў чалавечы капітал краіны. Простыя арыфметычныя падлікі гавораць, што для павелічэння колькасці насельніцтва неабходна, каб сем’і нараджалі трох і болей дзяцей. Па дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года, сярод сем’яў з дзецьмі больш за 66% мелі адно дзіця, 28% – два дзіцяці і толькі каля 5% былі шматдзетнымі. Між тым, дэмаграфічныя ўстаноўкі насельніцтва сведчаць пра жаданне мець другое дзіця, і стрымліваючым фактарам у гэтым пытанні з’яўляюцца эканамічныя меркаванні. Стварэнне сямейнага капіталу дазволіць узмацніць планы сямей па нараджэнні другіх і наступных дзяцей. Сямейны капітал можа быць выкарыстаны на санаторна-курортнае аздараўленне, медыцынскае абслугоўванне, паляпшэнне жыллёвых умоў сям’і, адукацыю.
12.4.5. На гэты момант складана вызначыць тэрмін, на які будзе распаўсюджвацца магчымасць асваення сямейнага капіталу і яго памер на дзіця. Гэтае пытанні патрабуюць дэталёвага вывучэння і прапрацоўкі з улікам крыніц фінансавання. Сродкі на фінансаванне сямейнага капіталу павінны прадастаўляцца з рэспубліканскага бюджэту ў форме безнаяўных грашовых сродкаў. Памер сямейнага капіталу мусіць індэксавацца з улікам інфляцыі. Распараджэнне сямейным капіталам павінна належаць абодвум бацькам у роўнай ступені. У тых выпадках, калі адзін з бацькоў раней ажыццявіў злачынства ў дачыненні да свайго дзіцяці, то ён пазбаўляецца права распараджацца расходаваннем сямейнага капіталу.
12.4.6. Жыллёз’яўляецца самым надзённым пытаннем сямейнага жыцця. Для вырашэння жыллёвага пытання БХД прапануе сем’ям з двума дзецьмі выдаваць ільготныя крэдыты на будаўніцтва жылля, сем’ям з трыма дзецьмі, акрамя ільготнага крэдыту – пагашаць за кошт дзяржаўнага бюджэту 50% кошту жылля, а сем’ям з чатырма і болей дзецьмі –поўнасцю пагашаць кошт жылля. Акрамя таго, на паляпшэнне жыллёвых умоў можна будзе выкарыстаць сямейны капітал, што асабліва актуальна для маладых сем’яў.
12.4.7. БХД прапаноўвае дыферэнцаваны падыход да надзялення сям’і жыллём. Напрыклад, для сельскай мясцовасці і малых гарадоў апраўдана ўвесці больш лагодныя ўмовы набыцця жылля сем’ямі. Зыходзячы з неабходнасці замацавання насельніцтва, прыцягнення спецыялістаў, а таксама з улікам больш нізкіх коштаў на жыллё у сельскай мясцовасці і малых гарадах, мэтазгодна сем’ям з двума дзецьмі прадастаўляць беспрацэнтныя займы на жыллё, а сем’ям з трыма і болей дзецьмі – прадастаўляць ва ўласнасць жыллё за дзяржаўны кошт. Гэтыя дадатковыя палёгкі ў атрыманні жылля ў сельскай мясцовасці і малых гарадах будуць садзейнічаць прыцягненню сем’яў з горада. Пры чым на павятовым узроўні, а таксама ў муніцыпалітэтах і валасцях могуць існаваць дадатковыя магчымасці для вырашэння жыллёвага пытання для сем’яў.
12.4.8.Сямейнае прадпрымальніцтваз’яўляецца механізмам, які будзе спрыяць умацаванню сям’і і адраджэнню ў нашым грамадстве сямейных каштоўнасцяў. Сямейнае прадпрымальніцтва – гэта тое сацыяльнае асяроддзе, якое дазволіць фармавацца больш цывілізаванаму прадпрымальніку. Сямейнае прадпрымальніцтва з’яўляецца спосабам самазанятасці – індывідуальнай працоўнай дзейнасці і мяжуе з найдрабнейшым бізнэсам. Найбольш распаўсюджаныя сферы такога роду дзейнасці – бытавое абслугоўванне, дробны гандаль, саматужная вытворчасць, фермерская гаспадарка і іншыя віды дзейнасці.
12.4.9. Ва ўмовах сямейнай справы магчыма гнуткасць працоўнага дня і падзел працы. Гэта дазваляе часткова ўцягваць у вытворчасць і тыя катэгорыі насельніцтва, якія інакш былі б “за бортам”: жанчын з дзецьмі, навучэнцаў і іншыя катэгорыі асоб, неканкурэнтаздольных на звычайных рынках працоўнай сілы. Для дзяцей і падлеткаў пасільны ўдзел у сямейнай справе – найбольш мяккі і сацыяльна прымальны спосаб ўключэння ў працоўную дзейнасць і прадпрымальніцтва. БХД будзе спрыяць развіццю сямейнага прадпрымальніцтва, будзе прыняты закон “Аб сямейным прадпрымальніцтве”, у якім будуць замацаваны самыя лагодныя падатковыя ўмовы і вызваленне ад падатку на прыбытак, будзе прадугледжана сістэма ільготнага крэдытавання і мікракрэдытавання для такіх сямейных прадпрыемстваў.
З Праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года ў Менску.