Яўген Дудкін дзякуе гродзенскім уладам за прынятыя меры
Пасля некалькіх гісторый, звязаных з пошукам працы (бо меў да таго працоўны дагавор толькі да 1 чэрвеня), калі пасля прыняцця на працу працадаўцы адмаўлялі, спасылаючыся на вяртанне былых супрацоўнікаў, з’явілася меркаванне і ўражанне, што прычынаю стала мая актыўная грамадская дзейнасць і калектыўны зварот, які быў мною за подпісам амаль 1000 жыхароў мікрараёна Альшанкі накіраваны ў гарвыканкам з мэтаю пабудовы школы.
Да таго ж, я прайшоў больш за два дзясяткі навучальных устаноў горада, згаджаўся нават быць выхавацелем у інтэрнатах, ці сацыяльным педагогам, ці педагогам-арганізатарам. Аказалася, што ў некаторых установах, дзе патрабуецца спецыяліст з гістарычнай адукацыяй, кандыдаты на вакансію праходзяць па конкурснай аснове па некалькі тыдняў, а можа і месяцаў.
Пасля чарговай адмовы ў працы са спасылкай на вяртанне былога супрацоўніка, калі да таго я прайшоў па накіраванні працадаўцы адной з дзяржаўных устаноў культуры горада Гродна медкамісію, я звярнуўся ў Гродзенскі гарвыканкам, а на наступны дзень мяне прыняла намеснік старшыні гарвыканкама Кулеша Зоя Вацлаваўна. Са свайго боку я прадставіў факты. Напрыклад, цікава тое, што ўвесь гэты час з 14 чэрвеня я афіцыйна стаю на ўліку ў цэнтры занятасці насельніцтва як беспрацоўны. 27 кастрычніка прайшоў паспяхова навучанне на курсах па прадпрымальніцкай дзейнасці, прайшоў атэстацыю ў Мінску і атрымаў ліцэнзію праводзіць экскурсіі ў Гродна па 1 з тэм. А тут грошы скончыліся ў канцы кастрычніка. Каб атрымаць дзяржаўную субсідыю неабходна яшчэ 3 месяцы чакаць, каб яе атрымаць у канцы студзеня ці пачатку лютага 2018 года. Пасля маёй гісторыі адбыўся абмен думак паміж чыноўнікамі і мною, паабяцалі мне дапамагчы.
Як вынік прыйшоў афіцыйны ліст, у якім адзначаецца, што вольных ці вакантных месцаў працы па маёй спецыяльнасці ў горадзе на сённяшні час няма. Таму прапануецца і ў выніку маёй згоды з пэўнымі ўмовамі будуць выдаткаваны грошы на адкрыццё індывідуальнай прадпрымальнцкай дзейнасці. Таму сёння, карыстаючыся пазітыўным момантам і крокам з боку мясцовых уладаў, пакінуў запіс падзякі ў кнізе скаргаў і прапаноў тым чыноўнікам, якія спрычыніліся да вырашэння маёй праблемы – працаўладкавання. Нядаўна паміж мною і цэнтрам занятасці была заключана дамова аб выдзяленні абяцанай субсідыі на аснове распрацаванага мною і зацверджанага чыноўнікамі бізнэс-плана. Цяпер чакаю выдзялення абяцаных грошаў, каб мець магчымасць легальна і паўнавартасна працаваць. Варта адзначыць, што за час знаходжання на ўліку беспрацоўных атрымаў столькі цікавай інфармацыі пра стан рэчаў у працаўладкаванні, працэдурах і фактах, што магу адназначна заявіць: у Гродна існуе праблема з працоўнымі месцамі.
Як старшыня Гродзенскага гарадскога аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя звяртаю ўвагу мясцовых чыноўнікаў і падкрэсліваю, што кожны чалавек мае як права на працу, так і кожны дзяржаўны служачы – падзяку за ўважлівы і сумленны падыход да кожнага чалавека незалежна ад палітычных поглядаў, а таксама добрае выкананне сваіх прафесійных абавязкаў.
Яўген Дудкін