«Здароўе абаронім і бюджэт папоўнім». Рымашэўскі прапануе прадаваць алкаголь як скандынавы

11 снежня 2017 15:33  |  Грамадства

«Здароўе абаронім і бюджэт папоўнім». Рымашэўскі прапануе прадаваць алкаголь як скандынавы

 

Палітык упэўнены, што перамагчы п’янства можна дзяржаўнай манаполіяй на продаж алкаголю.

Тых, хто лічыць, што праблемы палення і п’янства звязаныя з імкненнем дзяржавы папоўніць бюджэт, Лукашэнка назваў «нягоднікамі і ворагамі дзяржавы».

Словы кіраўніка Беларусі каментуе Віталь Рымашэўскі, сустаршыня «Беларускай хрысціянскай дэмакратыя».

Каб перамагчы п’янства беларусаў, сустаршыня «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» прапануе абмежаваць продаж спіртных напояў і прадаваць больш якасны алкаголь – «дзеля беларусаў».

«Французы п’юць нямала алкаголю, але гэта якасныя віны, а не наш «Крыжачок», які забівае арганізм», – кажа Рымашэўскі.

Мы вывучалі досвед еўрапейскіх краінаў і прыйшлі да высновы, што самым надзейным захадам з’яўляецца абмежаванне продажу.

«Трэба вучыцца ў скандынаўскіх краінаў. Там дзяржаўная манаполія на продаж алкагольных напояў. (На тытунь таксама трэба ўвесці.) Уводзячы падобныя абмежаванні, дзяржава атрымлівае такую ж, калі не большую, колькасць грошай як сёння. Таму і здароўе будзе абароненае, і бюджэт папоўнены», – заяўляе Рымашэўскі.

«Шляхам Скандынавіі пайшлі ў Літве. Праз 5-10 гадоў паглядзім, які будзе ў іх выглядаць сітуацыя. Але, на жаль, за гэты час лёсы многіх беларусаў будуць зламаныя», – дадае палітык.

Паводле палітыка, улады павінныя спрыяць удасканаленню шляху выйсця з залежнасці.

«Трэба пачаць з таго, што трэба даць Ананімным Алкаголікам бясплатныя памяшканні ў ЖЭСах», – кажа Рымашэўскі.

 

Поўную размову Вольгі Жарнасек з Віталём Рымашэўскім глядзіце ў «Гарачым каментары», Белсат

Болей навін