20 гадоў таму памёр Віктар Ярмалковіч

15 снежня 2017 16:34  |  Грамадства

 

Віктар Ярмалковіч – сябра БХД, гісторык, краязнаўца, юрыст і вязень канцлагеру ў Картуз-Бярозе.

Нарадзіўся Віктар Адамавіч Ярмалковіч у сялянскай сям’і 4 студзеня 1917 года ў вёсцы Юшкі пад Вільняй. Змалку гарнуўся да навукі. Вучыўся ў гімназіі айцоў-марыянаў у Друі, дзе ўпершыню пазнаёміўся з беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі. У 1938 годзе скончыў Віленскую беларускую гімназію і паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага універсітэту. Як свядомы беларус, неўзабаве далучыўся да Беларускага студэнцкага саюзу, дзе вялі рэй хадэкі.

Разам з ксяндзом Адамам Станкевічам Віктар Ярмалковіч рэдагаваў часопіс “Хрысціянская думка”.

2 верасня 1939 года, з пачаткам вайны, Віктар быў арыштаваны дэфензівай разам з хадэкамі Вячаславам Багдановічам, Язэпам Найдзюком, Янкам Шутовічам, і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер у Картуз-Бярозе. Зазнаў здзекі і катаванні. Пасля таго, як Заходнюю Беларусь акупавалі Саветы і лагерная паліцыя разбеглася, дабраўся да Вільні. Выжываў, як мог, шукаў працу ў дзяржаўных установах – літоўскіх, а потым і савецкіх.

З пачаткам вайны апынуўся ў Лідзе, у 1941-42 юрыст-практыкант у павятовым судзе. У 1942-44 у Шчучыне, дзе працаваў у павятовым судзе. Працаваць даводзілася ва ўмовах жорсткасці немцаў, свавольства паліцыі, тэрору АК і чырвонай партызанкі. У 1944 годзе выехаў з сям’ёй у Варшаву, дзе апынуўся ў віры Варшаўскага паўстання. Здолеў выбрацца з гораду пасля паразы паўстання і асеў у горадзе Біскупец каля Жэшува, дзе быў арыштаваны камуністычнай службай бяспекі.

 Першую высылку “за прыналежнасць да антысавецкіх арганізацыяў” (Студэнцкі Саюз і БХД) адбываў ва Ўсоллі (Сібір). Затым, у 1952 годзе, быў арыштаваны паўторна і засуджаны на 25 гадоў лагераў. Вызвалены ў 1956-ым. Працаваў дантыстам у Біскупцы.

Пісаў кнігі аб родным краі: “Ліда і лідская зямля”,“Шчучынскі раён”, “Іўеўскі раён”. Аўтар манаграфіі “Летапіс Віленскай беларускай гімназіі”, “Кароткага нарысу гісторыі Беларусі”. Выдаў кнігу ўспамінаў “На жыццёвых хвалях”, дзе апісаў увесь трагізм жыцця свайго пакалення беларусаў.

Памёр Віктар Ярмалковіч 15 снежня 1997 года ў Варшаве.

 

 

Павел Севярынец

Болей навін