Упершыню за гісторыю Суйкава тут адбыўся пікет пад бела-чырвона-белым сцягам (фота)
16 снежня, у суботу, у вёсцы Суйкава пад Віцебскам адбыўся пікет пікет па зборы подпісаў за вылучэнне прамоўцы Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Віцебскай раённай №9 акрузе і па Заронаўскай сельскай Алены Янушкоўскай. Суйкава яшчэ не бачыла ані сцягу нацыянальнага за апошнія 23 гады, ані пікетаў, не чула амаль беларускай мовы на вуліцах.
“У краме спыталі, ці не па-ўкраінску мы размаўляем, калі зайшлі туды крыху пагрэцца. Пара-тройка мясцовых паведаміла нам, што сцяг у нас незразумелы, што самі мы вельмі падазроныя, амаль што амерыканцы, што яны яшчэ не падумалі, за каго будуць галасаваць, што ўсё ідзе як ідзе і няма чаго тут ваду каламуціць. Але паслухаўшы тлумачэнні і расповеды пра дзейнасць актывістаў БХД у Віцебску, прымоўклі. Што зробіш, ахвяр БТ хапае паўсюль. Галоўнае, тут добра ведаюць Алену, паважаюць яе і гатовыя падтрымаць”, – адзначыла каардынатар БХД па Віцебшчыне Таццяна Севярынец.
Ідзе збор подпісаў і па хатах. “На вуліцы Партызанскай тэхніка, з зямлі тырчыць труба – гэта паказчыкі таго, што, дзякуючы нястомнай беганіне спадарыні Алены Янушкоўскай па кабінетах раённага і абласнога выканкамаў, тут узнавілі пракладку так патрэбнага вёсцы вадаправода. Клопат аб аднавяскоўцах і натхніў яе на ўдзел у гэтых выбарах. Трэба і дарог добрых дамагчыся, і з падтапленнем пытанні вырашыць”, – дадала Таццяна Севярынец.
Між тым улады мяняцца не збіраюцца. На зварот Алены Янушкоўскай у ЦВК з нагоды таго, што ёй ніяк не маглі патлумачыць, куды падаваць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што “прэтэнзіі з нагоды некампетэнтнасці Віцебскай раённай і абласной выбарчых камісій з’яўляюцца беспадстаўнымі”.