Максім Гацак выявіў чарговую недапрацоўку сябраў выбаркамаў
Прэс-сакратар аргкамітэту партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Максім Гацак 20 снежня выявіў чарговыя недапрацоўкі сябраў выбарчых камісій, на гэты раз Кастрычніцкай раённай выбарчай камісіі горада Мінска, у сувязі з чым накіраваў зварот у Цэнтральную выбарчую камісію.
Прыводзім тэкст звароту:
“На інтэрнэт-старонцы Кастрычніцкай раённай выбарчай камісіі горада Мінска па стане на 12:30 20 снежня ( http://okt.minsk.gov.by/vybory/resheniya-5-27 ) адсутнічае інфармацыя пра рэгістрацыю ініцыятыўных групаў, рашэнне па якіх прымалася на пасяджэнні 15 снежня.
Пры гэтым інфармацыя пра ініцыятыўныя групы, якія былі зарэгістраваныя да 15 снежня, на інтэрнэт-старонцы прысутнічае.
Аналагічная сітуацыя і з інфармацыяй пра прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты па выбарчых акругах, у прыватнасці Чыгуначнай № 20 http://okt.minsk.gov.by/vybory/okt-komissiya/zheleznodorozhnyj-izbiratelnyj-okrug-20 .
Такую форму падачы інфармацыі лічу дыскрымінацыйнай, бо ўжо на дадзеным этапе яна ўводзіць у зман выбаршчыкаў і іншых удзельнікаў электаральнай кампаніі адносна колькасці прэтэндэнтаў. Прашу пракантраляваць запаўненне азначанай інфармацыі на інтэрнэт-старонках Кастрычніцкай раённай выбарчай камісіі і Чыгуначнай выбарчай акругі № 20 і прывесці іх у адпаведнасць з рашэннямі, прынятымі на пасяджэнні 15 снежня”.
“У чарговы раз мы бачым, як у выбарчыя камісіі з году ў год набіраюць адных і тых жа людзей, якія ў лепшым выпадку не ўяўляюць, навошта патрэбна, а ў горшым пляваць хацелі на празрыстасць і канкурэнтнасць выбарчага працэсу”, – адзначыў Максім Гацак.