Алена Янушкоўская знайшла на сваёй акрузе “мёртвыя душы”

20 снежня 2017 19:07  |  Палітыка

Алена Янушкоўская знайшла на сваёй акрузе “мёртвыя душы”

 

Прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Заронаўскай выбарчай акрузе ў Віцебскім раёне Алена Янушкоўская заяўляе, што знайшла на сваё акрузе патэнцыйныя “мёртвыя душы”, якія ў выпадку жадання ўладаў могуць быць выкарыстаныя для фальсіфікацыі вынікаў выбараў.

Кажа Алена Янушкоўская:

“Вёска Баршчоўка Заронаўскага сельсавета ўваходзіць у маю акругу. Сёння выправілася туды, каб людзей пабачыць і сябе паказаць. 5 кіламетраў ад Віцебска, крыху далей, чым Суйкава. І ёсць тут адзін цікавы дом-прывід, дзе 4 сям’і жывуць дакладна, а на паперы жывуць у кожнай з 16-і прапісаныя. Належаў дом гаспадарцы “Пестуніца”. Зараз, мяркуючы па ўсім, належыць Віцебскаму райвыканкаму, бо гаспадарка сканала. У гэтым доме… арэнднае жыллё. Яшчэ раз звярну ўвагу: занятыя 4 кватэры – 6 чалавек, адзін з іх інвалід-вазочнік. Прапісаныя ж людзі ў кожнай кватэры! Дом у аварыйным стане. Сельсавет маўчыць, робячы выгляд, што гэта яго аніяк не тычыцца. Райвыканкам у курсе і таксама вады ў рот набраў. Побач стаяў такі ж дом. Ферму закрылі, людзі параз’ехаліся ў пошуках працы, дом з-за адсутнасці рамонту разваліўся – і яго развалаклі на будматэрыялы. Такі ж лёс чакае і гэты дом-прывід.

Штодзённа людзі рызыкуюць жыццём. Пытанне аб прызнанні дома аварыйным падымалі людзі, я таксама спрычынілася да таго. Тады і даведалася, што ў доме, аказваецца, паўнютка людзей, нават прыватызаваныя кватэры ёсць. Ну, кажуць, людзей знайсці немагчыма (валанцёраў-пашукавікоў выклікаць?). А ларчык адчыніўся проста: недарэка-гаспадар хоча адказнасць за разбурэнне дома ўскласці на людзей, якія з’ехалі адсюль у пошуках працы і лепшай долі. Так было з маім зяцям, які раптам акпынуўся прапісаным у кватэры без вокнаў, дзвярэй. Яго вінавацілі, што ён, такі-растакі, давёў кватэру да нялюдскага стану і павінен усё ўзнавіць. Прыйшлося ўмяшацца і ратаваць справядлівасць.

 

…І тут я разумею з пункту гледжання магчымага кандыдата. Людзі ж прапісаныя, і яны выбаршчыкі. Іх няма, але яны ёсць… Як гэта можа быць выкарыстана падчас выбараў, здагадайцеся самі”.

Болей навін