Першы перадвыбарчы пікет у Гродне арганізаваў каардынатар БХД (відэа)
У пасляабедзенны час у пятніцу 22 снежня ў Гродне быў выстаўлены першы перадвыбарчы пікет за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. У мікрараёне Альшанка яго арганізаваў малады настаўнік Яўген Дудкін, які прадстаўляе ініцыятыву Беларускiх Хрысціянскiх Дэмакратаў.
У Беларусі з 10 снежня стартавала вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Вылучацца можна традыцыйнымі спосабамі – шляхам збору подпісаў, ад палітычных партый і ад працоўных калектываў. Збіраць подпісы мае права толькі зарэгістраваная ініцыятыўная група, мінімальная колькасць яе членаў складае тры чалавекі, максімальная — 10. Збіраць подпісы можна, наведваючы кватэры грамадзян або ладзячы пікеты на вуліцах — там, дзе гэта не забаронена мясцовымі ўладамі.
Быў настаўнікам, цяпер беспрацоўны
Яўген Дудкін балатуецца па мікрараёне Альшанка. Да нядаўняга часу малады мужчына працаваў настаўнікам гiсторыi ў адной з школ горада, але патрапіў пад скарачэнне і цяпер без працы.
«Мы ўжо сабралі неабходную колькасць подпісаў для вылучэння мяне ў кандыдаты ў дэпутаты гарадскога савета. І сёння выйшлі публічна заявіць, што мы ёсць, каб людзі бачылі нацыянальны сцяг, што ёсць альтэрнатыва сённяшняй уладзе, — распавядае Яўген. — У нас у мікрараёне праблем шмат і зразумела, што выбраныя і падтрыманыя ўладай дэпутаты не спраўляюцца з усім.
Гэтым летам разам са сваёй камандай мы дамагліся, каб у горадзе знайшліся грошы на запланаваную школу ў Альшанцы, каб дзецям было дзе вучыцца, а настаўнікам — працаваць. Таксама сёння мы збіраем не толькі подпісы, але і прапануем мясцовым уладам рашэнне некаторых праблем”.
Міліцыя на дыстанцыі, мінакі таксама
Яўген таксама распавядае, што ў той момант, калі яны выставілі пікет, недалёка ад іх з’явілася машына міліцыі, але супрацоўнікі праваахоўных органаў трымаліся на адлегласці.
«Тое што міліцыя нас ахоўвае, ім за гэта дзякуй. Самі ж людзі трымаюцца на дыстанцыі і падыходзіць пакуль мала. Гараджане яшчэ пабойваюцца дзесьці пакідаць свае дадзеныя, але ёсць і тыя, якія прыходзяць і спакойна падпісваюцца», — дадаў Яўген.
Адным сцяг, іншым праграма
Пенсіянер Франц Антонавіч, які ішоў у краму, распавядае, што нават не чытаў перадвыбарную кампанію Яўгена і адразу вырашыў падысці і за яго падпісацца.
«Я паставіў подпіс, бо хлопец вылучаецца пад бел-чырвона-белым сцягам, гэты сцяг я толькі прызнаю. Я нават праграму не чытаў, але ведаю, што яна ў яго годная».
Іншы мінак Сяргей наадварот доўга ўчытваўся ў праграму Яўгена, а пасля вырашыў падпісацца.
«Так, дакладна, нам патрэбныя розныя кандыдаты. І я лічу, як народ будзе галасаваць, туды нам трэба будзе развівацца. Будуць назіральнікі, якія ўбачаць чаго народ хоча: мяняць што-небудзь ці пакідаць як ёсць. І што тычыцца апазіцыі, то ёй трэба аб’ядноўвацца, а не выступаць некалькімі партыямі і ініцыятывамі. Калі выступяць разам, то можна ўбачыць агульны працэнт галасоў, якія аддалі апазіцыі на выбарах. А так яна раздробленая і цяперашняй уладзе гэта не канкурэнцыя і з ёй ніхто не лічыцца».
Мясцовыя выбары пройдуць у Беларусі 18 лютага 2018 года.