Анісім і Канапацкая падтрымліваюць неабходнасць рэгістрацыі БХД

23 снежня 2017 21:03  |  Палітыка

Анісім і Канапацкая падтрымліваюць неабходнасць рэгістрацыі БХД

 

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая падтрымліваюць неабходнасць афіцыйнай рэгістрацыі ў Мінюсце аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД). Пра гэта яны заявілі 23 снежня ў Мінску на чарговым, сёмым, ўстаноўчым з’ездзе БХД.

У прыватнасці, адзначыла, што «без выкарыстання беларускай мовы на дзяржаўным узроўні не можа быць незалежнасці нацыі», піша БелаПАН.

Анісім лічыць, што незалежна ад таго, хто будзе ўзначальваць партыю, арганізацыя будзе адстойваць незалежнасць беларускай нацыі.

Яна таксама падкрэсліла важнасць кансалідацыі дэмакратычных сілаў: «Нас шмат, у нас усё атрымаецца, калі ўсе мы будзем прыхільнікамі незалежнасці краіны».

У той жа час Канапацкая выказала надзею, што БХД усё ж такі атрымае дзяржаўную рэгістрацыю, а таксама падзякавала за сумесную працу пры правядзенні шэрагу кампаній і мерапрыемстваў.

«Хачу пажадаць, каб вы не апускалі рукі, працягвалі працаваць на тое, каб у Беларусі былі змены», – сказала Канапацкая.

З прывітальным словам перад дэлегатамі з’езда БХД таксама выступілі адзін з лідараў незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч, старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч і Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Таксама было зачытана прывітанне ад кіраўніка Еўрапейскай народнай партыі Жозэфа Доля.

Ужо шэсць разоў БХД беспаспяхова спрабавала зарэгістравацца ў Мінюсце ў якасці палітычнай партыі. Устаноўчыя з’езды прайшлі ў 2009 годзе, двойчы – у 2010-м, адзін раз – у 2011-м і двойчы – у 2015-м.

 

Naviny.by

Болей навін