46 гадоў таму памёр Дамінік Аніська

28 снежня 2017 07:06  |  Грамадства

 

Дамінік Аніська – вайсковец, публіцыст і пісьменнік, хрысціянскі дэмакрат, адзін з нямногіх, хто выжыў у душагубцы двух сусветных войнаў, рэвалюцыяў, рэпрэсіяў – каб застацца сведкам эпохі.

Нарадзіўся Дамінік 7 студзеня 1888 года ў вёсцы Слойнікі Сакольскага павету (зараз Падляскае ваяводства Польшчы) у сялянскай сям’і. Свядомым беларусам стаў яшчэ ў дзяцінстве: набыў у польскай кніжнай краме і прачытаў “Дудку беларускую” Францішка Багушэвіча. У 1906 годзе скончыў гарадскую школу ў Саколцы, і ў 1907 быў забраны ў расейскае войска.

У маладосці зачытваўся “Нашай нівай”, і калі ў Вільні выйшла першая беларуская хрысціянская газета “Беларус” – пачаў друкавацца ў ёй.

У І сусветную вайну, у 1914-ым быў зноў прызваны ў расейскае войска; звольнены, атрымаў позву ў новастворанае польскае. З 1921 года – у школе падхарунжых у Быдгашчы. У 1923-цім выйшаў у запас як афіцэр.

Шырока друкаваўся ў хадэцкай прэсе –  найперш “Крыніцы” ды “Хрысціянскай думцы”. Агулам у першай палове ХХ стагоддзя ён – адзін з найбольш заўважных публіцыстаў беларускага руху.

Прынцыповы хрысціянін, толькі ў Хрысце ён бачыў выйсце і для чалавека, і для народа.“Без веры ў Бога, без рэлігіі чалавек не мае на што абаперціся, каб дайсці ла раўнавагі: не знаходзіць пэўнай дарогі, ні пацехі ў сэрцы, каб выйсці з няшчасця ці пагадзіцца з ім, пакараючыся Божай волі” – пісаў Дамінік Аніська.

У 1939-ым, з пачаткам ІІ сусветнай, Аніську мабілізуюць у польскае войска. Захоплены ў палон Саветамі, спярша ён утрымліваўся ў сумнавядомым лагеры ў Казельску, затым быў пераведзены ў Гразавец Валагодскай вобласці – і ў 1942-ім, са стварэннем Арміі Андэрса, праз Казахстан і Персію накіраваны ў брытанскую Палестыну. Так, неспадзявана вернік Дамінік з пекла савецкага ГУЛАГу апынуўся проста на Святой зямлі.

З 1949 года Дамінік Аніська ў Велікабрытаніі, пасяліўся ў Беларускім доме ў Лондане і зрабіўся сталым аўтарам хрысціянскага часопіса “Божым шляхам”.

Памёр вайсковец-хрысціянін 28 снежня 1971 года ў Лондане.

“Спакойны, чэсны чалавек, беларускі патрыёт і пісьменнік, верны хрысціянін і дастойны грамадзянін, спагадлівы, працавіты і ахвярны” – так згадала пра Дамініка Аніську рэдакцыя часопіса “Божым шляхам”.

 

 

Павел Севярынец

Болей навін