Адозва 7-га з’езду БХД. Аб палітычнай сітуацыі ў Беларусі
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя звяртае ўвагу на тое, што пасля заканчэння сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, што прайшла ў Беларусі, падаўленне грамадзянскай супольнасці аднавілася з новай сілай.
Зноў кідаюцца за краты і штрафуюцца палітычныя актывісты. Працягваецца ціск на незалежных журналістаў.
У жніўні 2017 года грамадскаму аб’яднанню “Сацыяльна-хрысціянскі рух» было адмоўлена ў юрыдычнай рэгістрацыі ў другі раз.
Па-ранейшаму за кратамі застаюцца палітвязні.
Не адбылося зменаў выбарчага заканадаўства згодна з патрабаваннямі АБСЕ. Мясцовая выбарчая кампанія праходзіць па старым сцэнары, аб чым сведчыць масавая адмова ўключэння прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у склад выбарчых камісій.
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя:
1. асуджае палітычныя арышты ў Беларусі і парушэнні правa на дэманстрацыі,
2. асуджае прыняцце рэпрэсіўных законаў у Беларусі, абмежаванне асноўных правоў на свабоду сходаў, выказвання меркаванняў і асацыяцый, а таксама наданне дадатковых паўнамоцтваў і імунітэту ад судовага пераследу службовым асобам Камітэту дзяржаўнай бяспекі (КДБ),
3. заклікае ўрад Беларусі неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных у Беларусі, а таксама тым, каму былі прад’яўленыя абвінавачванні і чыя свабода перамяшчэння была абмежаваная, неадкладна і безумоўна і гарантаваць поўнае аднаўленне іх грамадзянскіх і палітычных правоў,
4. заклікае ўладу выканаць рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы ў дачыненні да прафсаюзаў, а таксама спыніць рэпрэсіі і пераслед лідараў і актывістаў РЭП
5. заклікае ўлады Беларусі адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса,
6. Заклікае ўрад Беларусі выконваць свае абавязацельствы перад АБСЕ адносна свабоды сходаў і свабоды выказвання меркаванняў, а таксама лібералізаваць заканадаўства і практыку, дазваляючы грамадзянам права на публічны пратэст на вуліцах гарадоў і на прасторах інтэрнету.
7. Патрабуе ад Цэнтрвыбаркаму спыніць ганебную сістэму фальсіфікацый і вярнуць беларусам права на свабодныя і справядлівыя выбары
8. БХД вітае палітыку адкрытасці Еўразвязу і дэмакратычных краін свету да Беларусі, і разам з тым заклікае да правядзення крытычнага дыялогу, заснаванага на каштоўнасцях і прыярытэце правоў чалавека. Падтрымка, каторая выдзяляецца ЕС для Беларусі мусіць быць перадусім накіраваная для паляпшэння ўмоваў жыцця беларускага народу, а не на падтрымку і кансервацыю дзеючага рэжыму. Дзеля гэтага БХД заклікае адказныя ўстановы ЕС зрабіць дыялог з Беларуссю больш празрыстым для беларускіх грамадзян, зрабіць грамадзянскую супольнасць Беларусі паўнавартасным удзельнікам дыялогу ЕС з Беларуссю.
9. БХД лічыць неабходным падтрымліваць крытычны дыялог з прадстаўнікамі беларускіх уладаў для прасоўвання дэмакратычных рэформаў, правядзення свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі – і заклікае распрацаваць ясную дарожную мапу перамоваў Беларусь-Захад з удзелам незалежнага грамадства і палітычнай апазіцыі.
Менск, 23 снежня 2017 г.