Ухвала з’езду Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Спыніць рэпрэсіі! Свабоду беларускім палітвязням!

30 снежня 2017 08:11  |  Галоўныя навіны

Ухвала з’езду Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Спыніць рэпрэсіі! Свабоду беларускім палітвязням!

 

Рэжым Лукашэнкі працягвае ўтрымліваць у турмах палітвязняў і праводзіць рэпрэсіі супраць іншадумцаў.

Тымчасам еўрапейская супольнасць, якая зняла санкцыі супраць рэжыму ў выніку вызвалення шасці палітычных зняволеных у жніўні 2015 года, вядзе з рэжымам “шырокі дыялог” і спадзяецца на правядзенне свабодных і справядлівых мясцовых выбараў у пачатку 2018 года. Многія еўрапейскія палітыкі праводзяць афіцыйныя  сустрэчы ў Адміністрацыі Лукашэнкі, МЗС, Палаце прадстаўнікоў, і гэта выглядае як падтрымка рэжыму.

Між тым, рэжым ва ўмовах эканамічнага крызісу  пачаў новую хвалю рэпрэсіяў супраць незалежнага грамадства і дэмакратычных актывістаў. У Беларусі зноў сядзяць у турмах палітычныя зняволеныя. Актывістаў штрафуюць за ўдзел у мірных акцыях і канфіскоўваюць маёмасць у выніку нявыплаты штрафаў. Ніякіх “свабодных выбараў” няма і блізка – рыхтуюцца чарговыя фальсіфікацыі.

Да 7 гадоў турмы па сфабрыкаванай справе прысуджаны вядомы краязнаўца Алесь Юркойць.

Супраць праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага, які знаходзіцца ў Горацкай калоніі, ўжываецца фізічная сіла. Працягваецца ціск на зняволеных Іллю Валовіка, Змітра Цехановіча, Вадзіма Бойку, Філіпа Іванова, Змітра Паліенку.

Рэжым праводзіць ператрусы і допыты у бацькоў, чые сыны паехалі абараняць Украіну ад расейскай агрэсіі. Пяць гадоў турмы у выніку правакацыі спецслужбаў атрымаў добраахвотнік Тарас Аватараў: зараз ён зазнае ў турме моцны ціск адміністрацыі.

Не спынены пераслед беларускіх патрыётаў, пачаты ўвесну гэтага года, падчас масавых пратэстаў.

Сотні людзей караюць буйным штрафам за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Улады канфіскавалі лецішча і зямельны ўчастак за нявыплату штрафаў у актывісткі Ніны Багінскай, апісалі дом у рэжысёра Вольгі Мікалайчык. Рэжым аказвае ціск на ўжо вызваленых палітвязняў – Мікалая Статкевіча, Мікалая Аўтуховіча, Алесю Садоўскую, Змітра Дашкевіча.

Уладзіміра Някляева судзяць нібыта за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі, а насамрэч – за інтэрвію незалежным СМІ.

Па сфабрыкаванай справе пад следствам кіраўнік незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі  прафсаюза РЭП Ігар Комлік.

Дэманстратыўныя рэпрэсіі, арышты, штрафы і гвалт паказваюць: рэжым не мяняецца.

Мы, сябры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі:

• – Патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў Беларусі

• – Патрабуем рэабілітацыі і аднаўлення ў правах усіх вызваленых палітвязняў

• – Патрабуем спынення палітычнага пераследу, гвалту і штрафаў за мірныя акцыі пратэсту

• – Заклікаем міжнародную супольнасць падтрымаць дэмакратыю, законнасць і незалежнасць  Беларусі

• – Вызначаем “выбары”, якія праводзяцца ў такіх умовах, загадзя нелегітымнымі

• – Заклікаем беларускае грамадства да салідарнасці з палітвязнямі і ахвярамі рэпрэсій

 

 

Менск, 23 снежня 2017 года

Болей навін