«Няёмкі дэпутат»: якія праблемы вырашаў Валерый Білібуха ў Бярозаўскім раёне (відэа)
Вальшчык лесу з вёскі Кабакі Валерый Білібуха – адзіны апазіцыянер у мясцовых саветах Бярозаўскага раёна бягучага склікання. Гэты дэпутат Першамайскага сельсавета вядомы тым, што ініцыяваў звароты да выканаўчых уладаў, каб вырашыць розныя праблемы жыхароў сельскай мясцовасці.
Валерый Білібуха вылучае сваю кандыдатуру ў Першамайскі сельсавет і Бярозаўскі раённы савет дэпутатаў і на будучых мясцовых выбарах, якія пройдуць 18 лютага.
Валерый адкрыта кажа пра тое, што ён апазіцыянер – член аргкамітэта па стварэнні партыі БХД. Тым не менш, гэта не палохае мясцовых людзей.
У канцы дэпутацкага тэрміну «Першы Рэгіён» пабываў у Кабаках, каб даведацца, ці атрымалася Валерыю Білібуху выканаць свае перадвыбарчыя абяцанні і як пра яго кажуць людзі.
Адразу кідаецца ў вочы – Білібуху тут усе ведаюць.
«Да яго звяртаюцца ўсе. Па любых пытаннях ён дапамагае, стараецца дапамагчы людзям», – чалавек ад Кабакоў кажа, што да Білібухі звяртаюцца не толькі з яго ўчастка, але нават з суседняй вёскі.
Дарогі, хай і не як у Швейцарыі
Яшчэ ў пачатку свайго дэпутацтва Валерый Білібуха пачаў дамагацца паляпшэння якасці вясковых дарог. Білібуха звяртаўся да мясцовых чыноўнікаў, а калі не атрымаў чаканай рэакцыі, то напісаў дэпутацкі зварот наўпрост тагачаснаму старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціну Сумару.
«Усё – і тэхніка знайшлася, і грошы, і вуліцы гэтыя парамантавалі», – кажа Білібуха.
Праўда, старшыня раённага савета дэпутатаў Мікалай Чыж потым папракнуў Валерыя Білібуху за тое, што паскардзіўся Сумару цераз галовы мясцовых чыноўнікаў. А на вясковым сходзе прадстаўнік райвыканкама тлумачыў людзям, што «не ў стане зрабіць дарогі як у Швейцарыі».
Тым не менш – у Жычыне і Кабаках былі адрамантаваны некаторыя дарогі. Пару гадоў іх стан у асноўным падтрымліваўся, але цяпер Білібуха зноў збіраў подпісы і пісаў звароты, каб іх рамантавалі.
«Мы ж і не просім тут усюды асфальту. Аднак жа элементарна за тры гады хоць нейкіх пяць самазвалаў пяску можна прывезці ў ямы і параўняць», – кажа вясковы дэпутат.
Зараз людзі зноў ідуць да Білібухі, каб ён «навёў парадак з дарогамі», пра гэта пісаў наш сайт «Першы Рэгіён» нядаўна.
Праблема вады з вадаправоду ў Кабаках
У Кабаках даўно востра стаіць праблема вады з вадаправоду. Людзі скардзяцца, што вада мутная і мае непрыемны пах.
Валерый Білібуха збіраў подпісы за тое, каб у Кабаках пабудавалі ачышчальныя збудаванні, а мясцовыя жыхары ў 2016 годзе нават прыгразілі байкотам парламенцкіх выбараў, калі іх патрабаванне не пачуюць.
У выніку, на сходзе ў Кабаках выканаўчыя ўлады паабяцалі, што будаўніцтва станцыі уключаць у план на 2020 год.
«Характэрна, што нават цяперашні дэпутат парламента Анатоль Ткачук пачуў наша патрабаванне, і ўключаў у сваю праграму будаўніцтва гэтай станцыі. Праўда, пакуль, акрамя абяцанняў, канкрэтных яго дзеянняў мы не бачылі», – кажа Валерый Білібуха.
Барацьба за возера
Улетку 2017 года жыхары Кабакоў і бліжэйшых вёсак звярнуліся да дэпутата Білібухі з праблемай, што міліцыя разганяе і карае штрафам тых, хто купаецца ў крэйдавым кар’еры каля Кабакоў.
Чыноўнікі растлумачылі людзям, што ў дадзеным вадаёме купацца забаронена, бо ён з’яўляецца небяспечным – не даследавана яго дно, абрывістыя берагі.
Валерый Білібуха сабраў подпісы мясцовых жыхароў пад зваротам у райвыканкам, каб забарона на купанне ў вадаёме была знятая і быў арганізаваны пляж.
Тым не менш, дадзеную праблему сельскаму дэпутату вырашыць не ўдалося, чыноўнікі райвыканкама адказалі Білібухе, што купацца там забаронена, бо небяспечна.
Праблема крамы ў Жычыне
У канцы 2017 года ў вёсцы Жычын, адкуль балатаваўся ў сельсавет Валерый Білібуха, зачынілі краму. Дэпутат зноў сабраў подпісы грамадзян з патрабаваннем адкрыць гандлёвы аб’ект, бо жыхарам дадзенай вёскі, пераважна пенсіянерам, цяжка чакаць аўтакраму.
У вёсцы Жычын быў праведзены сельскі сход з удзелам мясцовых жыхароў, чыноўнікаў і прадстаўнікоў Райпа, каб разабрацца ў гэтай праблеме.
У выніку, на адрас дэпутата Валерыя Білібухи прыйшоў афіцыйны адказ, што крама ў Жычыне будзе адкрыты, як толькі знойдзецца прадавец.
«Няёмкі дэпутат»
На пытанне, ці верыць Валерый Білібуха, што яго «прапусцяць» зноў у дэпутаты, ён адказвае:
«Ну а куды падзенуцца, калі народ за мяне прагаласуе? Так, я для іх нязручны дэпутат, але з меркаваннем народа ўсё ж трэба неяк лічыцца».
Можна пералічваць і іншыя праблемы, якімі займаўся Валерый Білібуха, аднак відавочна, што па пазнавальнасці на сваім участку не кожны дэпутат можа бліснуць такімі паказчыкамі.
«Першы Рэгіён» яшчэ наведае адзінага на дадзены момант апазіцыйнага дэпутата Бярозаўскага раёна падчас выбарчай кампаніі.